Читать «Незагойная рана» онлайн - страница 3

Васіль Быкаў

— Не мучцеся вы ўжо. Што ж зробiш? Калi дзе жывы, дык вернецца. А калi не… Калi не, дык трэба забыцца ўжо.

— Цi ж можна забыцца? — пакутлiва адгукнулася Тэкля. — Калi б хоць ведала, што няма, дык лягчэй было б. А так вось… У заўтрашнi дзянёк якраз нарадзiўся ён, перад пакровамi. Нарадзiўся на белы свет, а шчасцейка, вiдаць, не суджана было. Ляжаць можа дзе адны костачкi — ведаць бы хоць, у якой зямельцы — цi ў сваёй, цi — крый божа — у нямецкай.

Дзяўчына няёмка пераступiла ля парога, баючыся, што старая расплачацца i немаведама як тады супакоiць яе матчына гора. Але працяглы боль ужо высушыў слёзы старой Тэклi, толькi сэрца гарэла ад нясцерпнай пакуты.

У гэты вечар яна не палiла ў грубцы i не засвяцiла лямпы. Яна ўзлезла на печ, трохi яшчэ цёплую зранку i, накрыўшыся свiткай, скурчылася на ўскрайку. Яна не заснула, ды i не намагалася зрабiць гэта, а ляжала так, не заплюшчваючы вачэй, i ў змроку хаты перад ёй паўставалi даўнiя, але незабыўныя малюнкi.

…Ён нарадзiўся ў гэткi ж, як сёння, ветраны восеньскi дзень — маленькi крыклiвы хлопчык. Бацька толькi што перахварэў на тыф, ужо ўзняўся, хадзiў, але быў яшчэ кволы i слабы. Першы сынок стаў вялiкай уцехай у гэтай крайняй у вёсцы хацiне. Абое з бацькам яны выняньчылi, выхадзiлi яго, радавалiся яго першым крокам i першым словам. Iшоў неўзаметку час, i рос бялявы, цiхмяны хлопчык — ласкавы, велiкалобы, жвавы. У пяць год ён ездзiў з бацькам у поле, на начлег, пасвiў гусi, а потым, калi нарадзiлася Марыська, стаў няньчыць яе. Вучыўся ён добра, на святы прыносiў маленькiя школьныя прэмii: сшыткi, пенал, каляровыя алоўкi. Суседзi хвалiлi сына, i часта матчына сэрца мацней бiлася ад радасцi.

I Васiлька пасля школы падаўся далей, у гарадскi тэхнiкум, дзе вучылiся на настаўнiкаў. Тады ж яна зведала першы боль ростанi i першую чароўную радасць сустрэчы. Ён быў зусiм яшчэ падлетак, а ўжо яго паважалi ў вёсцы, суседкi зайздросцiлi Тэклi, мужчыны хвалiлi сына, а ён усё, як i ў дзяцiнстве, быў цiхмяны, сарамлiвы i стрымана ласкавы з мацi. Яна тады ўжо засталася адна бацька няшмат пражыў са слабым здароўем i неяк памёр напрадвеснi. У той год Васiлька канчаў вучобу, пасталеў, падрос, раздаўся ў плячах. I аднойчы, на нейкае свята, у час яго кароткага гасцявання дома, адчула мацi, што ўжо скончылася дзяцiнства яе белагаловага хлапчука i з iм — яе, матчына, улада над сынам.

Ёй добра памятны той цёплы майскi адвячорак, калi ў паветры пахла таполяй, маладым бярозавым лiсцем. Гудзелi на панадворку хрушчы, недзе ў вёсцы граў гармонiк, i яна, успомнiўшы, што трэба да вечарынкi накармiць сына, пайшла за хату ў агародчык гукнуць яго. Ён там чытаў нешта, але калi мацi ўбачыла яго, Васiль, безуважны да кнiгi, неяк устрывожана i пiльна назiраў з-пад рабiны на палымяны разлiў зары. Мацi пяшчотна паклiкала, але ён не паварушыўся нават, усё глядзеў на захад, а потым азваўся i сказаў такое, што назаўжды разбурыла спакой у матчыным сэрцы: