Читать «Незагойная рана» онлайн - страница 2

Васіль Быкаў

I знiк, вiдаць, назаўсёды…

Шаснаццаць страшных, нясцерпных год штогадзiнным болем адмералi свой лiк у матчыным сэрцы. Шаснаццаць год чакання, надзей, незабыўнага трывожнага спадзявання. Часам прыходзiлi пiсьмы ў розных канвертах i з зусiм аднолькавым зместам: радавы Сподак Васiль Iванавiч у спiсах забiтых i прапаўшых без вестак не значыцца. Яны бянтэжылi i абнадзейвалi, гэтыя пiсьмы, але iшоў час, а надзеi не спраўджвалiся. Суседзi часам казалi такое, супраць чаго з усёй матчынай сiлай пратэставала сэрца, якое верыла i чакала ўдзень i ўначы. Гэтая вера трымала старую ў жыццi, вымушала на клопаты аб сабе, але ж гэтулькi год мiнала дарэмна…

Тым часам марудна цямнела, далячынь спавiлася шэрай смугою, у паветры заснавала надакучлiвая восеньская золь. Абудзiўшыся ад задумення, старая сабрала на руку нарыхтаваныя паленцы i, крануўшы закрутку сенцаў, увайшла ў хату. Тут было ўжо цёмна, ледзь свяцiлася ў паўзмроку абшкрэбаная, закураная печ, стулiлiся ў куце стол i дзве лаўкi — уся хатняя абстаноўка. Светлымi квадрацiнамi сiнелi яшчэ два акенцы, у адным чарнела заткнутая шыба. Старая паклала ля печы дровы, прыслухалася да знаёмай цiшынi пустой хаты i, не распранаючыся. апусцiлася на лаўку. Так яна сядзела доўга, думала ўсё пра адно i тое ж: дзе ён, цi жывы, цi не?

Спакваля змрок зусiм затулiў пакой, толькi ўсё яшчэ бялела ля парога печ ды шарэлi вокны. Тэкля ўсё сядзела не кратаючыся, склаўшы на каленях рукi i схiлiўшы ў задуме голаў. Яна моцна скаланулася, калi на ганку грукнулi нечыя крокi, i, як заўсёды на ўсялякi стук, абамлела яе сэрца. «Ён!» Не маючы ўжо сiлы ўскочыць i кiнуцца насустрач, яна застыла ў напружаным пакутным чаканнi. Нехта ўвайшоў у сенцы, зашкрэбаў рукой па сцяне, шукаючы клямку, i хутка адчынiў дзверы. «Няўжо, няўжо, няўжо?» — у нямым запытаннi стукала сэрца i прагнула, каб было так. Але спадзяваннi жанчыны хутка рушылiся.

— Цi тут вы, цётка? — пачуўся з парога знаёмы голас суседскай дзяўчыны Ўльянкi. Збянтэжаная неспадзяванасцю Тэкля маўчала, не ў стане супакоiць даўнi прывычны боль.

— Што ж гэта вы лямпы не палiце? А я прыйшла па запалкi, калi багаты. У нас, каб на iх лiха, гэтыя курцы за дзень усе павыцягалi. Не накупляешся на iх, дымакураў.

Тэкля моўчкi слухала i не чула дзявочай гамонкi, у галаве яе плылi маркотныя даўнiя думкi. Неяк няўцямна старая намацала на прыпечку няпоўны карабок запалак, аддала дзяўчыне. Тая ўсё балбатала пра тое ды гэта, а потым, нiбы адчуўшы, як далёка яе размовы ад сэрца жанчыны, змоўкла i, ужо ўзяўшыся за клямку, уздыхнула.