Читать «На сцяжыне жыцця» онлайн - страница 8

Васіль Быкаў

Яна, усе яшчэ бянтэжачыся, запрашала яго садзiцца, падстаўляла табурэтку, тупала сюды-туды. Ён, перш чым сесцi, паклаў пакункi, выняў з кiшэнi бутэльку гарэлкi, паставiў на стол. Фрузына здзiвiлася i спалохалася, не ведаючы, навошта гэта i што яно можа азначаць, але прыкiнулася, што не заўважае тае незвычайнасцi, i дрыжачымi ад хвалявання рукамi круцiла рагi хусцiнкi.

Ён быў нязвыкла прыбраны — пры гальштуку, паголены, нейкi вясёлы, не падобны на будзённага, запэцканага i сур'ёзнага Пархомава. Цi то з прычыны сваей прыўзнятасцi, цi мо разумеючы стан гаспадынi, ён нi аб чым не пытаўся, а ўсё гаварыў сам.

— Думаю, што будзе жанчына адна марнець у гэткае свята? Дай, думаю, з'езджу, добра, недалёка.

— Ого, недалёка, — упершыню ўсмiхнулася яна, не ведаючы, куды дзець свае вялiкiя нязграбныя рукi.

— А якое там далёка? Тры-чатыры кiламетры — не адлегласць для чалавека, так сказаць, аўта-фота-мота. Ну, як ты тут жывеш? — спытаўся ён i агледзеў пакойчык. — Што, цячэ? — кiўнуў ён на мокрую пляму ў столi. — Рамонту дабiвацца трэба, а то што ж гэта такое — жаночае свята, а ў жанчыны дах працякае. А можа, проста дзiрка, трэ паглядзець. Э, ды i падлога тут рук просiць. Пераслаць бы, калi яшчэ лагi не згнiлi, а то што ж?

Ён закурыў, па-гаспадарску расклаўшы на стале курэцкiя прылады — блiшчасты партабак з папяросамi, запалкi. У пакоi прыемна запахла духмяным дымком добрых папярос, i ад гэтага паху Фрузыне чамусьцi стала лягчэй i весялей на душы. Яна ўжо перамагла ў сабе першае замяшанне, зразумела ўсё, што трэба было ёй рабiць, i, счакаўшы колькi хвiлiн, пачала даставаць са стала сякi-такi посуд.

Пархомаў ахвотна апавядаў пра свае шафёрскiя справы, пра парадкi ў гаражы, а яна па-маладому лёгка завiхалася ля стала — дастала гуркоў, дробнымi кольцамi парэзала каўбасу з пакунка, абчысцiла селядца. Да гарэлкi, аднак, яна не дакранулася, бутэлька ўсё стаяла, дзе была пастаўлена. Фрузына расставiла талеркi, напаследак дастала шклянку i невялiчкi кiлiшак. Пархомаў добра не адмытымi ад мазуты пальцамi ўзяў кiлiшак, пакруцiў у руках, незадаволена адставiў убок.

— А што ж гэта? Хiба большай няма?

— Няма, — схлусiла яна, зноў прысоўваючы кiлiшак. Ён з жартоўнай падазронасцю зiрнуў на яе i ўзяўся за бутэльку.

— Ну што ж, давай адзначым жаночае свята. Сядай, чаго там, — запрасiў ён. Яна паслухмяна i няўпэўнена, бы ў гасцях у чужой хаце, прысела на лаўку.

Яны выпiлi — ён паўшклянкi, яна са свайго кiлiшка. Пархомаў пачаў апетытна закусваць селядцом, яна таксама ўзяла кольца агурка i пацiху жавала. Першы кiлiшак узняў у ёй цэлы рой добрых, iмклiвых пачуццяў, адразу стала радасна i светла, але яна хавала гэта ў сабе i толькi ўсмiхалася. Ён ветлiва падсоўваў ёй талерку з каўбасой i, быццам яна была яго госцяй, запрашаў:

— Ты еш, каўбаса смачная, маскоўская, самы раз: не цвёрдая, i сала ўвакурат.

Пасля яны выпiлi яшчэ…

Нiколi ў жыццi ёй не было так хораша i па-маладому весела. Пархомаў добра еў; аж пачырванеў з твару ад выпiтага i з'едзенага i з нейкай лёгкай сяброўскай шчырасцю абыходзiўся з ёю. Ён нешта гаварыў i гаварыў усё, але яна дрэнна ўнiкала ў сэнс яго слоў. Яна ўся аддалася ва ўладу сваiх пачуццяў цiхага шчасця ад прывабнай цеплынi блiзкай чалавечай душы.