Читать «На сцяжыне жыцця» онлайн - страница 16

Васіль Быкаў

Фрузына была тады зусiм маленькай дзяўчынкай, у ворыва насiла бацьку на поле яду i ўсё не магла зразумець, чаго гэтая маладзiца так мала арэ, а ўсё сядзiць у баразне ля плуга i плача. Аднак пасля нехта памог кабеце, яна супакоiлася, павесялела, а яшчэ праз нейкi час нарадзiла маленькую крыклiвую дзяўчынку. Фрузына добра памятае гэтую яе крыкушку ў плеценай зыбцы на бярозавай жардзiне — яна тады з другiмi дзецьмi не раз падбягала пад вокны глядзець на малую, што нарадзiлася без бацькi. На вёсцы гэтае нараджэнне стала незвычайнай падзеяй, аб iм з'едлiва i абразлiва гаварылi мужчыны, бабы i нават дзецi. Пасля здарылася такое, што страшна нават i ўспамiнаць. Дзед Пахом, свёкар Галены, круты, ваўкаваты стары, напiўшыся на нейкае свята, да паўсмерцi пабiў маладую ўдаву. Галена з паўгода пакашляла крывёй i памерла, i нiхто не шкадаваў яе, не апраўдваў. Нябогу пахавалi на краi могiлак, i яе курганчык неўзабаве зарос быльнягом, а вясковыя бабы пачалi ёю палохаць дзяцей.

Праўда, цяпер часы iншыя, але ўсё ж людзi бываюць розныя, хiба не знойдзецца хто пакпiць з адзiнокай немаладой жанчыны. Фрузыне ўсё здавалася, што пасля ўсяго, што здарылася, ва ўстанове не даруюць ёй такога ганебнага мацярынства. Яна ўжо прадбачыла, як будзе выгаворваць ёй Петрачэнкаў, можа, нават выклiчуць на мясцком i дадуць якое спагнанне. Праўда, яна ўсё намагалася пазбыцца турбот аб сабе, дбаць толькi пра свайго малога, але заглушыць неспакой было немагчыма. I Фрузына ўгаворвала сябе трываць — усё перажыць адной, адасобiцца ад людзей, жыць толькi iм, аглухнуць да ўсяго благога.

Папраўлялася яна добра i праз некалькi дзён адчувала сябе няблага. Ёй дазволiлi ўставаць, i Фрузына, сеўшы на ложку i захiнуўшыся ў халат, чакала ўсё часу кармлення, калi прывозiлi малых. Яшчэ здалёк на парозе яна пазнавала свайго ў радку зусiм падобных белых скруткаў на калясцы i, не могучы ўтрымаць замiлаванай радасцi, першая ўзнiмалася насустрач, кармiла i з вялiкай неахвотай аддавала яго назад. Сестры хвалiлi яе малога, дакторка шматзначна назвала вагу — 4800, i мацярынскае сэрца поўнiлася цiхiм гонарам. Нiколi яшчэ так не ганарылася яна ў сваiм жыццi. Гэта было сапраўднае, вялiкае шчасце.

I вось прыйшоў дзень, калi трэба было пакiдаць бальнiцу.

У апошнюю ноч ёй стала асаблiва неспакойна на душы. Звечара яна прыснiла непрыемны, благi сон, ратуючыся ад пакутаў якога яна прачнулася i ўжо болей не заснула да ранку. Ёй снiўся Петрачэнкаў, i дырэктар Iван Кузьмiч, i Шаўроў, быццам яны з'явiлiся ў раддом i злосна патрабавалi ў яе вярнуць некуды яе малога. Яна вельмi спалохалася, бо яе абвiнавачвалi ў крадзяжы дзiцяцi, на якога яна не мела права, а як апраўдацца, даказаць, што гэта яе дзiцёнак, яна чамусьцi не мела сiлы. I яна толькi пакутавала i бегала па пакоях, па вулiцах, хавала малога, а за ёй ганялiся людзi i атукалi, як у полi на воўка.