Читать «На сцяжыне жыцця» онлайн - страница 18
Васіль Быкаў
Яна бесцырымонна забрала яго з рук мацi, спрытна ашчаперыла, штурхнула нагой дзверы, i жанчыны выйшлi на вулiцу.
Пакуль яны iшлi глухаватымi завулкамi, Фрузына паступова набiралася лёгкага радаснага забыцця. Ёй было добра — зноў тонкай, памаладзелай, перанёсшай труднае ў жыццi; радасна, што прыдбалася ў жыццi блiзкая, дарагая iстота, частачка яе жыцця; прыемна, што вось Драздова — заўсёды зласлiвая Драздова — гэтак дарэчы ўслужыла ёй.
А вахцёрка iшла крыху наперадзе i ўсё нешта прыгаворвала малому — нешта знарочыста сварлiвае. Фрузына даўно ўжо прывыкла да гэтага яе тону i цяпер неяк асаблiва выразна адчувала ў iм i спагаду, i пяшчоту, якiя заўсёды былi старанна захаваныя пад гэтай знешняй яе незадаволенасцю. Яшчэ Фрузына вельмi ўдзячна была Нонцы i Шаўрову. Адчувала яна, што шматлiкiя пакуты неяк зблiзiлi яе з людзьмi, далi, вiдаць, ёй нейкае няпiсанае права на людскую прыхiльнасць.
Падыходзячы да iх установы, Драздова нечакана павярнула ўбок, да ганка.
— Iдзi, пакажам твайго крыкуна. Хай паглядзяць. А то — Фрузына такая, Фрузына сякая… Iдзi, iдзi, чаго там, — прыкрыкнула яна на жанчыну, калi тая нерашуча спынiлася на вулiцы.
Фрузына збянтэжылася: ёй вельмi няёмка было несцi туды дзiця, але Драздова ўжо адчыняла нязладныя дзверы. Нiчога не заставалася рабiць, i яна вымушана была пацягнуць за тыя медныя ручкi-поручнi. Дзверы працяжна прарыпелi, бы прывiталiся са старой знаёмай, i гэты iх рып душэўным болем працяў нутро жанчыны.
У вестыбюлi было цёпла, да iх адразу прытупала ў скрыўленых валенках Ганка. Драздова, прымасцiўшыся ля батарэi, начала расхутваць малога.
— Во, глядзi, якога мужыка займела баба. А то думалi, што Фрузына горш за людзей. Вунь як пазяхае, пражора! Толькi есцi давай, — прыгаворвала яна, спрактыкавана разгортваючы пялёнкi.
Заўважыўшы навiну ў парозе, аднекуль з калiдораў прыбеглi дзве прыбiральшчыцы, угары на лесвiцы дробна застукалi абцасiкi, i цераз поручнi нагнулася кучаравая галава Нонкi.
— О, што там у вас робiцца? — гукнула маладзiца i зноў заляскатала абцасiкамi, збягаючы ўнiз.
— Ой, якi маленькi, якi карапузiк, дайце мне, дайце я, — загаманiла яна, беручы малога i няўмела прытуляючы яго да сябе.
Фрузына вельмi баялася, каб ён часам не выпаў як на падлогу, яна ўсё падстаўляла рукi, непакоiлася за кожны яе лiхаманкава-радасны рух. А Нонка ўсё хапала малога, шугала, прыцiскала да сябе — дзiва было, колькi таiлася пяшчоты ў гэтай жанчыне.
У той час у вестыбюлi аднекуль з'явiўся Шаўроў. Як некалi, у даўнiя часы, ён здалёк басавiта гукнуў Фрузыне:
— Прывет, Фрузына! Як жысць маладая, вясёлая? О, я гляджу — з прыбаўкай цябе! Ну, маладзец, — казаў ён, падыходзячы да яе ў сваiм шархоткiм чорным плашчы. — Дайце ж i мне патрымаць чалавека.
Ён узяў маленькi скрутачак, асцярожна шугнуў яго ўгору-ўнiз, i малое неспакойна заварушылася.
— Харош, харош, гвардзеец, — радасна ззяў вачыма iнжынер. — Як жа назваць яго? — спытаў Шаўроў i паўзверх жаночых галоў зiрнуў угору. На лесвiчнай пляцоўцы, нерашуча занёсшы нагу на нiжэйшы прыступак, стаяў Петрачэнкаў.