Читать «На сцяжыне жыцця» онлайн - страница 17
Васіль Быкаў
Яна не стрывала да канца гэтага страшнага вiдовiшча, але ўжо ведала, што заўтра здарыцца нешта благое. На свiтаннi яна ўзнялася i стала клапацiцца, каб сабраць свае рэчы, званiла па тэлефоне ва ўстанову. Ноччу там дзяжурыла Ганка, якая, аказваецца, цяпер замянiла яе ля дзвярэй, Фрузына папрасiла перадаць Драздовай, каб тая прынесла з кватэры малому бялiзну. Пасля яна стала чакаць, калi папрыходзяць дактары i напiшуць яе дакументы. Ёй было нiякавата ад таго, што нiхто не прыйдзе за ёю, што i ў апошнюю хвiлiну ёй не мiнуць украдкам кiнутых позiркаў сясцёр, санiтарак, — позiркаў, у якiх празмерная цiкаўнасць, здагадкi i прытоенае асуджэнне.
Час iшоў вельмi марудна. Мiнула ўжо i дзесяць, i адзiнаццаць гадзiн, а Драздовай усё не было. Фрузыне ўжо выдалi дакументы — даведку, што ў яе нарадзiўся хлопчык, што яму зроблены ўсе прывiўкi. Гэтую даведку, бы найдаражэйшы дакумент, яна загарнула ў паперку i схавала за пазухай. Яна ўсё хадзiла па калiдоры i чакала, агорнутая клопатам, як данесцi малога дадому па такой сцюжы, што трэба было б купiць цёплую коўдрачку, ды вось дагэтуль на ўсё не хапiла грошай.
Жанчына аж здрыганулася, калi сястра адчынiла ў калiдор дзверы i паклiкала яе апранацца. Там, у пярэднiм прахадным пакойчыку, яна спаткалася з Драздовай — захутаная ў цёплы шалiк, у плюшавым жакеце, вахцёрка чакала яе са скруткам у руках. Яна ледзь прыкметна ўсмiхнулася насустрач Фрузыне знарок сярдзiтымi вачыма i загаварыла сваiм грубаватым голасам:
— Ну што, выхадзiлася, нябога? Ну, нябось пазнала, дзе ракi зiмуюць? А што, не казала я?! Ну! Дзе ён — твой крывапiвец? На вось, сабралi тут. На кватэру я не хадзiла — далёка, ну яе.
Яна сунула ў рукi Фрузыне тугi скрутак — коўдрачка, прасцiнкi, сiняя шаўковая стужка. Жанчына здзiвiлася: чыё ж усё гэта?
— Бяры, бяры, — папiхнула яе Драздова. — Сабралi тут. Нонка, Куцячыха, Шаўроў даў паўсотнi. Я сваiх пару пялёнак загарнула — спатрэбiцца.
— Дзякуй, — сказала Фрузына i прыплюшчыла вочы. Ёй раптам стала нечага вельмi жаласлiва на душы — i да сябе, i да iх, што не забылiся, не пагрэбавалi…
— Ну iдзi, iдзi, паказвай свайго крывасмока, — падштурхнула яе Драздова.
Яна хуценька апранулася ў сваё пакамечанае, несамавiтае адзенне, ад якога ўжо паспела адвыкнуць, i ўсё пазiрала на дзверы, прыслухоўвалася — адтуль у першы свой шлях па зямлi павiнен быў выйсцi сын, яе ўцеха i яе вялiкае шчасце ў жыццi.
Вельмi занятая, рухавая i заклапочаная сястра вынесла ёй акуратна загорнуты пульхны скрутак, падала ў рукi i развiталася. Фрузына асцярожна ўзяла яго, адхiнула ражок прасцiнкi — ён соладка спаў, сцяўшыся тварыкам у маленькi ружовы камячок. Драздова таксама зiрнула пад прасцiнку.
— Спiць? Iш ты, Пархом халерны. Ну ладна, расцi. Дай сюды, я…