Читать «На сцяжыне жыцця» онлайн - страница 14
Васіль Быкаў
Фрузына маўчала, папраўляючы на сабе кофту, пакарацелую наперадзе спаднiцу. Трэба было б пашыць што шырэйшае, вальнейшае, але яна шкадавала грошай, дый навошта? Яна не саромелася, нi ад каго не таiлася, яна ўжо зжылася з думкай аб сваiм маленькiм i да часу яшчэ ганарылася iм.
А Драздова нiяк не магла ўгаманiцца i кожную ранiцу, сустракаючыся з ёю (пэўна, i за вочы таксама), лаяла ўсё яе дурасць, а яшчэ болей Пархомава.
— Ах ты, зладзюга, каняга няшчасны! Што нарабiў бабе! — не зважаючы на людзей, што праходзiлi мiма, злосна лапатала яна за сваей перагародкай. — Я яму вочы выдрала б, фiзiяномiю расквасiла. Папомнiў бы ён мяне, вырадак пракляты. Не, я гэтага не даравала б так цiха-гладка. Што стаiш? — крычала яна на Фрузыну. — Iдзi да дырэктара, да мясцкома, хай яго, нягоднiка, жанiцца прымусяць.
Але яна не iшла нi да кога, нiкому не скардзiлася, на Пархомава яна проста забылася сярод сваiх новых турбот. Праўда, яна разумела, што крыху памылiлася ў iм, што залiшне панадзеялася на яго прыхiльнасць да яе, але хiба ён учынiў ёй што кепскае? Усе, што датычыла яго ў яе ўспамiнах, было добрае i светлае, i калi ён перамянiўся да яе пасля, дык што ж… Ведама ж, яна не нявеста, дый ён не якi там жанiх. Адным словам, крыўдаваць, злавацца на яго Фрузыне, здавалася, не было за што. I яна жыла сама па сабе, як i да яго, жыла марамi аб маленькiм, — цяпер ужо ёй не страшна была адзiнота i не дужа патрэбны i Пархомаў.
Але хоць яна i замкнулася ў сабе, у сваiх надзеях i клопатах, людзi ўсё ж не перасталi турбаваць яе. Жонка Пархомава, вiдаць, нешта дачулася ў Баранавiчах i неўзабаве балюча нагадала аб сабе. Аднойчы ў пагодны дзень, толькi што заступiўшы на дзяжурства, Фрузына захацела нечага выйсцi i ў тых скрыпучых дзвярах спаткалася з дырэктарам. Жанчына спаважна саступiла ўбок, павiталася, iмкнучыся як найхутчэй размiнуцца. Але дырэктар, невыразна буркнуўшы нешта на яе "дзень добры", нечакана спынiўся, перахапiў у руцэ жоўтую папку i, гледзячы зверху ўнiз, з затоенай пагардай у строгiх вачах сказаў:
— Ага, дарэчы, таварыш Сямашка, што гэта ў вас з Пархомавым? Жонка лiст прыслала, судом пагражае. Яго я ўчора зволiў па ўласнаму жаданню, але вы што сабе думаеце?
I, нахмурыўшы касмылявыя крутыя бровы на выгаленым укормленым твары, ён утаропiўся ў жанчыну i чакаў, што яна скажа. А Фрузына раптам адчула, што ёй замiнаюць рукi, пачала церабiць аборку кофты на вялiкiм ужо жываце i гатова была правалiцца ў зямлю ад гэтага яго дапытлiвага позiрку. Ёй зрабiлася млосна i крыўдна, у горле захраслi ўсе словы, i яна нiчога не магла адказаць, толькi думала, каб як перабароць сябе, не хвалявацца, бо гэта шкодна яму, маленькаму. Добра, што дырэктар не настойваў, пастаяў троху, паўзiраўся ў яе збянтэжаны твар i, пакруцiўшы галавой, падаўся да лесвiцы.
Толькi б не хвалявацца, толькi б стрымаць сябе, незаплакаць — патрабавала яе мацярынская рупнасць i пасля, калi яна зноў вярнулася да свайго акна, i на другi дзень — дома, калi ёй давялося ўчуць, як, сабраўшыся на прызбе за рагом, абгаворвалi яе суседкi. Яна прымушала сябе аглухнуць да ўсяго благога, фанатычна школiла сваю волю, каб не раздражняцца нiчым, не хвалявацца ад людской нядобразычлiвасцi.