Читать «Байкі жыцьця» онлайн - страница 6
Васіль Быкаў
Сьмех паступова, але няўхільна рабіўся нацыянальнай ідэалёгіяй, урэшце абвешчанай у адмысловым дэкрэце кіраўніка дзяржавы. З нагоды абвяшчэньня на цэнтральнай плошчы адбыўся грандыёзны мітынг. Там жа на былым п'едэстале страху была ўстаноўленая постаць Сьмеху — мармуровая скульптура прывабнай дзяўчыны, якая аж кладзецца ад неспатольнага сьмеху-рогату. У горадзе адчыніўся ўнівэрсытэт сьмеху, дзе вывучаліся ягоныя аспэкты — псыхалягічны, фальклёрны, паліталягічны. У школах былі ўведзеныя ўрокі сьмеху (замест літаратуры і матэматыкі), якія вельмі падабаліся вучням. Зьявіліся першыя вучоныя — важныя профі ў галіне новай стваральнай навукі — сьмеху. Спакваля ў краіне распладзілася мноства ансамбляў сьмеху і весялосьці, якія, добра зарабляючы, езьдзілі па гарадах і электрамузыкай сьмяшылі публіку, асабліва моладзь. У іншых мясьцінах выступалі вучоныя-лектары, што распавядалі, як хутка добра будуць жыць людзі, што выклікала няспынны рогат у залі, і вучонаму добра плацілі. Усё тое надта падабалася, асабліва моладзі: канцэрты і лекцыі сьмеху часам доўжыліся да ранку. Вядомы пісьменьнік, патрыярх айчыннай літаратуры, нядаўні апалягет страху, стаў ня меншым апалягетам сьмеху і і напісаў новы раман, трохі гульліва названы «Хі-хі». Праўда, жаданы аптымізм аўтара ня спраўдзіўся: адмысловыя літаратуразнаўцы (вядома ж, у штацкім) знайшлі між радкоў замаскаваныя прыкметы страху, і аўтар быў падвергнуты грамадзкаму астракізму. Ён перастаў змушана ўсьміхацца і неўзабаве памёр. Па-людзку пахаваць яго не было за што.
Увогуле ж справа сьмеху ў дзяржаве разьвівалася добра. Арганізацыямі ды гурткамі была ахопленая ўся краіна — уся краіна заўзята сьмяялася.
Усё было б добра, калі б не адна неспадзяванка — стала не хапаць ежы. Сьпярша паасобныя грамадзяне, а затым гаспадаркі і цэлыя калектывы, захапіўшыся сьмехам і весялосьцю як асноўным спосабам існаваньня, амаль перасталі працаваць і адно — сьмяяліся. Але праваахоўныя органы супраць іх не маглі ўжыць аніякіх мераў, бо ўсё было законна. Незаконным быў страх і сум, супраць якіх міліцыянты, судзьдзі і пракуроры прымалі самыя жорсткія меры. Аднак парушэньняў закону ня менела, ад нялёгкага жыцьця нават стала большаць. З падачы органаў правапарадку кіраўнік дзяржавы ўгледзеў у гэтым небясьпеку для існаваньня дзяржавы і вырашыў узмацніць барацьбу зь перажыткамі страху. Але якім чынам? Было вызначана, што ў гэтай справе больш прыдатныя мэтады страху. Філёзафы пачалі казаць пра дыялектычнае разьвіцьцё папулярнай ідэі — дзеля аб'яднаньня нацыі, натхненьня яе на барацьбу за лепшае жыцьцё, калі нікога ня трэба будзе прымушаць сьмяяцца, а ўсе стануць сьмяяцца самахоць, ад душы. А пакуль што, сьцьвярджалася ў законе, трэба прымушаць сьмяяцца, не зважаючы ні на што, адно — у інтарэсах дзяржавы.