Читать «Байкі жыцьця» онлайн - страница 7

Васіль Быкаў

Тым ня менш, сьмяяцца людзям хацелася ўсё меней, часьцяком хацелася плакаць.

Уся рэч у тым, што жыцьцё сьмехавітаў катастрафічна пагаршалася — да недахопу харчу прыбавіўся недахоп адзеньня, абутку, паліва і гарэлкі. Зімой у кватэрах было надта халодна, купіць паліва ня мелі за што. З-за недахопу лекаў дактары пачалі шырока лячыць мэтадамі сьмехатэрапіі, але той мэтад чамусьці мала памагаў хворым, якія паміралі плачучы, што было недапушчальна. Ды й дактары перасталі сьмяяцца. Тады ўрад пайшоў на паслабку рэжыму сьмеху. Для некаторых катэгорыяў насельніцтва ўводзіліся прывілеі. Было дазволена плакаць тым з намэнклятуры, каго зьнімалі з пасады (адзін плач у месяц); жанчыны-вэтэраны органаў мелі права на 2–3 плачы ў квартал. Плач і нават публічны сум катэгарычна забараняўся працаўнікам праваахоўных органаў, міліцыі і вайскоўцам. Выключэньне рабілася толькі для бацькоў вайскоўцаў, якія атрымлівалі «груз-2000», і то на працягу аднаго дня з часу атрыманьня грузу.

Але харчу ўсё ня большала. Абставіны ўскладніліся яшчэ й тым, што заходнія высокаразьвітыя краіны перасталі даваць крэдыты. Замест крэдытаў яны разгарнулі ў сваіх СМІ паклёпніцкую кампанію, галоўным накірункам якой стала сьцьверджаньне, што ў краіне сьмехавітаў усе зьехалі з глузду. Гэта, вядома, было нечуванай абразай нацыі, кіраўніцтва, дыскрэдытацыяй вялікай сьмехатворнай ідэі. Урад угледзеў у тым непрыкрытую варожую вылазку і прыняў рашэньне ўзмацніць узброеныя сілы. Першай і галоўнай мерай стала прысваеньне вялікай групе афіцэраў званьня палкоўніка, а палкоўнікам — генэрал-палкоўніка. Усе іншыя, прамежкавыя званьні, былі зьліквідаваныя як непатрэбныя. Тое дужа спадабалася вайскоўцам. Па колькасьці генэрал-палкоўнікаў войска краіны пераўзышло арміі самых разьвітых краінаў Захаду. Гэта быў несумнеўны і вялікі посьпех!

Есьці яшчэ ўбавілася; ня стала хапаць жыльля — нават для генэрал-палкоўнікаў. А калі ў каго й было жытло, дык не ставала добраўпарадкаваных летнішчаў, што выклікала вялікае напружаньне ў грамадзтве, якое часам аж пераставала сьмяяцца. Не хапала таксама грошай, бэнзыну, транспарту. Ды сьмехавіты ня скардзіліся, адно сьмяяліся, разумеючы, што калі не задаволіць вайскоўцаў, дык тыя не абароняць ад ворагаў, якія ўсіх сьцяруць у парашок і панішчаць іхную самую жыватворную ідэю сьмеху.

Але так думалі, мабыць, ня ўсе. У сталічным горадзе пачалі ўтварацца падпольныя групы, названыя дысыдэнцкімі, якія выпрацоўвалі альтэрнатыўныя ідэі — таго ж сьмехатворнага кшталту, але не з вар'яцкім — з чалавечым тварам. Твар у некаторых падпольных выявах ужо не нагадваў ні чалавека спалоханага, ні чалавека-вар'ята, а меў нешта сярэдняе і па-навуковаму называўся гома-сапіенс. Гэта быў ідэал. А ідэал належала ўвасобіць, для чаго дысыдэнты сабраліся аднойчы ў сьвяточны адвячорак на прыватнай кухні і стварылі падпольны (ценевы) урад. Як кожную важную справу, тое належала абмыць, што і было неадкладна зроблена. У добрым настроі ўрадоўцы вярталіся дадому, але адзін зь іх (старшыня ценевага ўраду), што вёз сьпіс у кейсе, задрамаў у тралейбусе і згубіў кейс. На другі дзень урад у поўным складзе быў арыштаваны.