Читать «Байкі жыцьця» онлайн
Васіль Быкаў
Васіль Быкаў
Байкі жыцьця
1. Страх
Самай шаноўнай сьвятыняй у гэтай краіне з часоў векапомнай даўніны быў невялічкі, упрыгожаны маляўнічым росьпісам ды інкрустацыяй керамічны гаршчэчак, у якім захоўваўся Страх.
Страху таго з простых сьмяротных ня бачыў ніхто. Дзень і ноч яго ахоўвалі пяць чалавек сьвятароў і пяць ваяроў, і ўсе ведалі пра яго незвычайную страхавітую сілу. Менавіта з тае прычыны людзі тамтэйшага краю і зваліся страхавітамі. Некалі за керамічны гаршчэчак біліся ў двубоі галоўны сьвятар племя і ягоны супернік — ваяр. Ведама ж, перамог сьвятар, бо ён ужо валодаў Страхам, а ягоны супернік — толькі мячом. Але меч — слабы сродак перад магутным Страхам.
Імя галоўнага сьвятара, які ўзяў на сябе ўсю ўладу ў краіне, было Галабурдахам. Пасьля сваёй перамогі ён яшчэ больш, чым раней, усталяваў культ Страху. Зь ягонага загаду ў самым цэнтры сталічнага паселішча збудавалі мармуровы палац — для яго самога і для Страху. Была створана адмысловая сотня з ваяроў, сьвятароў і таемнікаў, якія дбалі пра бясьпеку Страху і Валадара заадно. Сярод улады і падуладных на той час запанавалі мір і згода, ніхто не адважваўся выступіць супраць Галабурдахама. Ніхто ня мог пра тое нават падумаць — такая вялікая была пераканаўчая сіла Страху. Калі здараліся якія непарадкі ў правінцыях, напрыклад, недабіралі падаткі, туды скіроўвалі ўзброеную каманду, вядома ж, у суправаджэньні магутнага Страху, і падаткаў зьбіралі нават больш, чым было патрэбна. Аднойчы ўзьнік памежны канфлікт з суседняй дзяржавай і пачаліся перамовы, якія трывалі чатырнаццаць тыдняў запар. І ўсё бяз выніку. Тады Валадар Галабурдахам скіраваў туды свайго сілавога міністра са Страхам у вазку. Перамовы хутка скончыліся з посьпехам для страхавітаў.
Правіцелі краіны на чале з мудрым Галабурдахамам вырашылі збудаваць для Страху яшчэ лепшы, надзвычайны архітэктурны ансамбаль побач з ранейшым, які цалкам заняў Валадар. У дзень пераносу Страху ў новую шыкоўную будыніну далі салют з 101 гарматы. Той дзень быў названы Днём Дзяржаўнага Страху — галоўным сьвятам дзяржавы.
Зь цягам часу сама сабою склалася адмысловая нацыянальная ідэалёгія, заснаваная на дактрыне Страху. Усе зьявы і ўчынкі ўспрымаліся і расцэньваліся цяпер паводле старажытных законаў Страху. У філязофіі запанаваў накірунак страхалёгіі, які неўзабаве саступіў месца страхафіліі. Ідэальным грамадзянінам стаў страхавіты грамадзянін, які ўсяго баяўся. Менавіта такі вобраз запанаваў у тэалягічнай літаратуры і мастацтве графіці. Рэлігія страхалюдзтва стала надзвычай папулярнай сярод вернікаў і займалася адкармленьнем іх у духу бязьмежнага, богададзенага Страху. Пабудавалі безьліч храмаў, малельняў і нават даволі добраўпарадкаваных на маляўнічай прыродзе летнішчаў-скітаў з саўнамі. Гэтыя апошнія былі вельмі папулярныя сярод вернікаў усіх саслоўяў ды асабліва — іерархаў. Казалі, з тае прычыны, што ў найбольшай меры адпавядалі патрабаваньням ідэі Страху.
Між тым, дзяржаўнае бытаваньне доўжылася; адзін за адным мільгалі гады ўладараньня дынастыі Галабурдахама. Прамільгнулі таксама дынастыі Парастурфуджына 1, 2 і 3. Парастурфуджын 4 перайменаваў сябе ў Страхалюда Першага, так было болей звыкла, а краіну — у Страхалюдыю. І слушна зрабіў, бо за шмат гадоў уладараньня пад эгідай страху людзі амаль страцілі ўсе ранейшыя антрапалягічныя рысы і набылі зусім новыя. Найперш у краіне даўно ўжо ніхто не сьмяяўся, нават перасталі ўсьміхацца; весялосьць успрымалася як блюзьнерства. Самым мілым выразам дзявочага твару стаў выраз спалоху. Старыя ж людзі за сваё доўгае жыцьцё выхавалі на тварах такі жахлівы выраз, які выклікаў дрыжыкі. Менавіта тое і патрабавалася. Самых лепшых у гэтым сэнсе ўзнагароджвалі і шанавалі. Узьнікла і пасьпяхова разьвівалася музычнае і пясьнярскае мастацтва ў стылі