Читать «Байкі жыцьця» онлайн - страница 4
Васіль Быкаў
Валадар краіны Страхалюдыі вельмі ўстрывожыўся і ўсе страхавіцкія сілы кінуў на барацьбу з падрыўной ідэалёгіяй. Каб ідэя страху дзейнічала больш эфэктыўна, ён увёў сьмяротную кару нават за самы дробны амаральны ўчынак, калі той выклікаў сьмех. Злачынцаў стала звыш усялякай меры. Асабліва калі ў краіне пачаўся эканамічны спад, а затым крыза, і ня стала чаго есьці. Дайшло да таго, што аднойчы ў сьвяточны дзень на галоўнай плошчы сталіцы сабралася дэманстрацыя за права есьці. (Гэтыя нечуваныя раней прэтэнзіі на нейкія там правы таксама былі кантрабандай увезеныя з краіны сьмехавітаў). Валадар абкружыў войскам плошчу і перад сьвятыняй Страху наладзіў дэманстрантам крывавую лазьню. Былі сотні забітых і яшчэ болей параненых. Улады той лік перабольшылі ў дзясяткі разоў — у адпаведнасьці зь сьвятой і непарушнай ідэяй Страху. І падзейнічала. Усе ўбачылі, што Страх па-ранейшаму мае сілу і не абы-якую. Пачаліся размовы, што ня варта супраць яго выступаць, што перамогі ўсё роўна ня будзе, што трэба шукаць кансэнсус з Валадаром. Страх непераможны, бо ў ім ёсьць нейкая неспазнаная сатанінская сіла. Гэта ўвогуле было падобна на праўду. І ўсё адно людзі хацелі есьці, а есьці не было чаго. Даведзеныя да адчаю, яны ўжо нікога ў краіне не баяліся — ні спэцфармаваньняў, ні тайнай паліцыі, ні Валадара, — яны толькі не маглі перамагчы ў сабе прыроджанае, геннае пачуцьцё Страху. Гэта, між іншым, выдатна разумеў і Валадар, які старанна ўдасканальваў сьвятыню. Група ляўрэатаў-інжынэраў спраектавала на плошчы цэлы інжынэрна-тэхнічны комплекс вакол п'едэсталу Страху. Порцік наверсе пакрылі бранявым каўпаком, наладзілі лазэрнае забесьпячэньне зь нябачным, але дужа эфэктыўным выпраменьваньнем — у інтарэсах бясьпекі. У космас запусьцілі адмысловы спадарожнік Страху, які дзень і ноч круціўся над плошчай, адганяючы ад яе нават вераб'ёў; тыя зь іх, што перасякалі па-дурному мяжу, адразу ж мёртвымі падалі на брук. У сутарэньнях на глыбіні ста і больш мэтраў сядзелі дзяжурныя апэратары, — утыкнуўшыся ў свае экраны, яны пільнавалі комплекс ад магчымай дывэрсіі.
І тады ў горадзе паявіўся Мірон.
Гэта быў малады хлапец родам з самай галоднай правінцыі, ён валодаў неверагоднымі здольнасьцямі. Вырасшы ў лесе, мог узьлезьці на самае высокае дрэва, нават на голы ствол пальмы. Як ён тое рабіў, ніхто ніколі ня бачыў. Звычайна яго заўважалі, калі ён ужо быў наверсе і шпурляў адтуль какосавыя гарэхі, якія вясёла падбірала дзятва. Характарам ён быў свавольнік.