Читать «Байкі жыцьця» онлайн - страница 8

Васіль Быкаў

Падзеі ў краіне сьмехавітаў не на жарт затрывожылі суседзяў, якія ўсялякімі сродкамі пачалі падахвочваць сьмехавітаў да барацьбы за свае грамадзянскія правы. Сьпярша сьмехавіты надта зьдзівіліся, але паступова ўсьвядомілі сваё першае права — на сум. Натуральна, дамаганьне такога права ў краіне законнага канстытуцыйнага сьмеху было расцэненае ўрадоўцамі як крамола і прыроўнівалася да дзяржаўнага злачынства — замаху на галоўнага кіраўніка краіны ці да абрабаваньня банку. Шмат маласьвядомых грамадзянаў з праваабарончых арганізацыяў, творчых саюзаў і моладзі пацярпела за сваю крымінальную схільнасьць да суму. (Дарэчы, той сум яны здабылі ў часе галадоўкі ў карцары, дзе сум не прысякаўся — сумуй, колькі хочаш. Карцар быў адзіным дазволеным месцам суму ў дзяржаве, чым арыштаваныя ахвотна карысталіся.) Дзіўна, што нават сьмяшлівая моладзь часам стамлялася ад казённай весялосьці і час ад часу адчувала патрэбу пасумаваць. Але такіх хутка выключалі з унівэрсытэтаў, датэрмінова заганялі ў войска, дзе славуты «інстытут дзядоўства» хутка мяняў сьмех на сьлёзы. Пры адсутнасьці паліторганаў «дзяды» вельмі дапамагалі камандзірам выхоўваць падначаленых у атмасфэры аптымістычнага патрыятызму.

А тым часам есьці ў краіне зусім ня стала чаго. Было зразумела, што галоўная нацыянальная ідэя не працуе, што прыйдзецца шукаць новую. І тады вынайшлі ідэю часовую, якая мела выдатную пэрспэктыву стаць фундамэнтальнай. Яна ня толькі не адмяняла ранейшую, але ўзьнімала яе на новую вышыню — што было надта важна. І ўрад кінуў увесь дзяржаўны бюджэт на вытворчасьць гарэлкі.

Гэта сапраўды выклікала небывалы народны ўздым. Народ усё зразумеў і прыняў бяз словаў — што значыць навуковая беззаганнасьць ідэі. На мітынгах у гарадах і вёсках прамоўцы гаварылі пра новую культурна-псыхалягічную рэвалюцыю ў краіне, пра яе лёсавызначальны сэнс. Гарэлкай бясплатна забясьпечвалася кіраўніцтва, пасьля вэтэраны-пэнсіянэры (пры норме 1 бутэлька на 1 дзень), пасьля ўсе астатнія, уключаючы немаўлят. Сем'і, у якіх было шмат дзетак, раскашавалі як мае быць — і дарослыя, і дзеці ўвесь дзень пілі і рагаталі, астатні час спалі і пахмяляліся. І дзякавалі ўладзе, галоўнаму кіраўніку і мясцовым вэртыкальшчыкам, якія займелі адзіны пільны клопат — забясьпечыць самыя глухія куткі краіны сьвежай гарэлкай. Гэта належала рабіць без пасярэднікаў-злыдняў, якія нахабна заніжалі градус. Сацыялягічны інстытут, які правёў апытаньне (было ахоплена 100 % насельніцтва) выявіў небывалы паказчык тых, хто ўхваляў новую палітыку ўраду, — 100 %. Папулярнасьць кіраўніка-палкоўніка стала такая, што ўрад надаў яму чын Вялікага Каудыльё.

Але заставалася нявырашанай адна застарэлая праблема, якая вынікала з тае аксіёмы, што, выпіваючы, трэба закусваць. Закусваць не было чым; праўда, вучоныя пачалі прапагандаваць новы спосаб ужываньня алькаголю. Спасылаючыся на перадавыя заходнія краіны, яны даказвалі магчымасьць выпіваючы не закусваць; некаторыя даводзілі, што есьці наогул шкодна для здароўя. Але тыя рэкамэндацыі кепска ўспрымаліся насельніцтвам. Дайшло да таго, што некаторыя зь несьвядомых грамадзян (пераважна жанчыны) пакрысе пачалі адмаўляцца піць. Пачуліся нават размовы, нібыта малако было болей карыснае, асабліва для дзетак. Але калі б малако было болей карыснае, дык бы яно было і даражэй. А так з усіх харчовых тавараў гарэлка мела самы вялікі кошт. Вядома, то былі правакацыйныя размовы з мэтай дэстабілізацыі грамадзтва, і праваахоўныя органы, якія даўно і справядліва зрабіліся карнымі, сурова каралі адступнікаў ідэі. Як і тых вучоных, якія ўзяліся (вядома, беспадстаўна) прапагандаваць цьвярозасьць. Наперакор ім у прыклад ставілася сьвятое жыцьцё Вялікага Каудыльё, які піў з дня нараджэньня і давёў дзённую норму да аднаго літра чыстага алькаголю. Менавіта дзякуючы гэтаму, пісалі прыдворныя акадэмікі мэдыцыны, палітолягі, сацыёлягі ды іншыя, любы народам Каудыльё падарыў ім такую дасканалую ідэю. І калі яна ня ўсюды і не ва ўсім дае плён, дык у тым не ягоная віна — віна тых, хто недасканала авалодаў ёю. Значыць, трэба больш піць і лепш працаваць.