Читать «Вяртанне» онлайн - страница 4

Алесь Аркуш

НАФТАПРАВОД

Паток ільсняны халепнай цячэ. Прыборны зрок пільнуе абмяленне. Хада падземная ўяўляецца лягчэй, Калі хавае ноч свае праменні. Нябачная, няспынная рака Слухмяна круціць колы механізмаў: Бульдозера, дарожнага катка І сродкаў трансагенства і турызму. Паток ільсняны рухае прагрэс. Старэнькі драндулецік-небарака Спрабуе ля калонкі А-Зэ-эС Шлях паліва ўявіць да бензабака.

ВОЎК

Я заплюшчваю вочы і бачу ваўка. Ведаю: ён мой вораг. — Каб ты спарахнеў! — крычу што ёсць моцы. — Каб ты захлынуўся крывёю сваіх ахвяраў! Я паслабляю павекі — гляджу. Воўк не зьнік, але, нібыта спужаўшыся, адбег на бяспечную адлегласць. — Каб ты спарахнеў! — крычу яшчэ мацней і, раз’ятраны, подбегам набліжаюся да яго. Я трызню помстай! Я вар’яцею ад злосці! Воўк валюхаста пабег мне насустрач. Ад гэтага я раз’юшваюся ўдвая. Я сам раблюся падобным да ваўка. Няхай! Няхай да д’ябла! Няхай да ваўкалака! Бо шэры — мой вораг! Я трызьню помстай! Яшчэ імгненне — і я пашкамутаю гэтую погань! Побач прабег куртаты сабачка. Цяжка дыхаючы, я спыняюся, заплюшчваю вочы і бачу Ваўка.

* * *

Сьвет наш не ведае райскіх мясцін, Мусіць, яны толькі ў кнігах ды песнях Клічуць вандроўнікаў мройным узлессем. Свет наш не ведае райскіх мясцін. Прывіднай зьнічкаю думка ўваскрэсне: Досыць рабіць пісягі каляін, — Свет наш не ведае райскіх мясцін, Мусіць, яны толькі ў кнігах ды песнях. Зьнічка хвіліну трымціць…

ВАБІК

Забі пярун мяне, — я чую Выразна сумны голас твой! Наперадзе чарот сцяной. Праз чараты на кліч прастую, Бо голас — ТВОЙ! Хаваюць неба чараціны. Хапаюцца за ногі балаціны. А голас кліча, мкне чароўны І працінае мне душу. Марудна як! Хай парашут Мяне на голас выкіроўваў. Я захліснуў бы парашут! Сцяну апошнюю патрушчыў. Насупраць — праз лагчыну — пушча, Дзе пад кашлатаю ялінай Дзмуў паляўнічы ў чараціну.

* * *

Даўно не спаў, як ў жаўнерскім ложку. Дакучлівая стома цвеліць толькі. Тваіх вачэй маўклівыя валошкі Запаланілі зырка наваколле. Ашчадна захаваю сум блакітны Углыбіні чысцюткага ўспаміну. Як Свіслач, вопратку гранітную За тлумным горадам я скіну.

КАМЕТНАЯ СВАБОДА

Гавораць: двайчы не ўвайсці ў адну раку. Лухта! Я ўвайшоў у тыя ж воды. Трымаў, як скарб, ў руцэ тваю руку Праз год вандровак і свабоды. Праз галактычныя прасцягі чую спеў. Мацнее сіла прыцягнення з кожным годам. Я толькі сёння раптам зразумеў, Якая ты, каметная свабода.

ТАБЕ

Бягуць успаміны, як хвалі, На бераг з адзінай сасной. І дзён маіх стынуць каралі Без пацеркі зыркай тваёй. Ўсё роўна тваёй зараніцы Я вершамі буду маліцца.