Читать «Вяртанне» онлайн

Алесь Аркуш

Алесь Аркуш

Вяртанне

АБЛОКІ

Я за аблокамі сачыў І кожнаму даваў найменне. Цвяліў вятрыска далячынь — Імёнаў паскараў знікненне. Аблокаў большасць найхутчэй Знікала ў мройве далягляду. Як несла іх далоў з вачэй! Як гнаў вятрыска іх зацята! Імёны нішчыў ён, але У небе ўбачыў я аблокі. І як вятрыска ні шалеў, Яны трымалі дух высокі.

ДА НЕБА

Здароў, Груган!                        Ты — птах, я — чалавек. Дзе крылы у цябе —                                я маю рукі. Ты не крыўдуй на гэты                              несусветны здзек, — Прабач, я выдумляю                              ад пакутлівай дакукі. Лунай, Груган! Груган за неба паляліць. Яму за небам хопіць месца. А я радзіму буду сніць, Яна мне кропелькай здаецца. Ты пачакай мяне, Груган. Мы разам палялім да неба. Пачуем велічны арган, Пабачым — крылы ці патрэбны. І я здзіўлюся — звыкся сніць — Воч не стае Радзіму ахапіць!

ПІЛЬНЯ

Бярвенне дарэшты на дошкі звялі, — Як шчыльна пілоўку у штабелі сцелюць! Ля пільні ад хвояў кара да зямлі Прыстала жыўцом, як да новага цела. Па звычцы чакаюць бярвення дзядзькі: Працоўныя рукі — нястомныя служкі. І ляды вядуць, як заўжды, напрасткі — Да пільні, да гвалту, да дошак, да стружкі.

АДБІТКІ

Люстэрка трымае да ночы адбіткі: Рахманыя, ветлыя, хіжыя твары. І маюць яны, нават самы някідкі, Імёны свае, як расліны ў гербарыі. А ноччу адбіткі пакінуць люстэрка, Пасыплюцца долу — заб’юцца ўтрапёна, Як соліды важкія з бомкай манеркі, — І профілі згубяць дазвання імёны.

ПУШЧА. СОВЫ

Куды вы ляціце, містэрыі совы? Па душу ізгоя аморфнай будовы? Шукаць паратунку за плойай Парыжыў? А мо куды бліжай? Куды вас вядзе птах надзьмуты, вучоны, На крылах якога паўмесяц чырвоны? Чамусьці азваўся Скарына Францішак: — У цішу.

УЦЁКІ

Уначы Вурдалак галасіў. Ў Мёртвым возеры білі званы. Я з апошніх падманлівых сіл Пілаваў на сябе кайданы. Гэта ноч для уцёкаў — як ёсць. Я не ведаю лепшых замоў: Абароніц мяне прыгажосць, Захавае ад скону любоў. Што мне жахі твае, Вурдалак? Ты ў памыйныя здрады не ўлез. Вечарніца, як змоўніцкі знак, Мне сцяжыну пазначыла ў лес. Ў Мёртвым возеры білі званы…

ПОЗІРК

Са сквапнага даўняга веку Апошні скалечаны тур У вочы глядзіць чалавеку Праз незваротнасці мур. Глядзіць нерухома, сіберны. Навошта тлумачыць, дарма! Калі абуджаецца зерне, Шчымліва спявае сурма.

ХРАМ І СЛОВА

Я ніколі у храме не быў, Я не ведаю храма святога. Толькі сніў каляровыя сны, У якіх нараджалася слова. Нараджалася ў храме — з аблокаў. Я трываў, Я трываў — І заплакаў.