Читать «Знак бяды» онлайн - страница 84

Васіль Быкаў

Найперш пачалі з азіміны ля сасонніку, дзе ўжо ярка зелянела прадаўгаватая ніўка ад самага рова паўз хутарскі гарод і будынкі. Пятрок ішоў наперадзе і трохі стрымана ўсміхаўся ў коратка падстрыжаныя вусікі. Быў ён тады не так сабе і малады, але і не стары — што сорак гадоў для мужчыны? А ўсміхаўся зноў ад тае ж неспадзяванай іх радасці: ішоў на хутар, лічы, прымаком і парабкам, а во стаў гаспадаром і азірае свае палеткі. Канешне, ён разумеў, што з дзвюх дзесяцін не забагацееш, але, можа, як пражывеш з свайго хлеба. Трохі баяўся, каб праз гэтую зіму і асабліва халодную, зацяжную вясну не падупала азіміна, але, здаецца, благое іх абышло — жытнёвая рунь ужо аправілася ад замаразкаў і яркім аксамітам зелянела на ўсім прасцягу. Праўда, ніжэйшая мясціна каля дарогі была яшчэ цемнаватая, мабыць, прымокла ад доўгай вады, Пятрок саступіў з узмежка і нагнуўся, каб вырваць каліўка, паглядзець карэньчык. Але толькі ён памкнуўся да абвялага ніцага парастка, як згледзеў у зліплых глыжах нешта шэранькае, бы камочак чаго чужога, і пальцы яго міжвольна паднялі з зямлі за растапыранае крыльца маленькую шэрую птушачку. То быў жаўраначак, мабыць, з тых небаракаў, што ашукаліся першай абяцанкай вясны і паплаціліся жыццём за сваю заўчасную песню.

— Глянь, Сцёпа…

Сцепаніда падбегла да Петрака па ўзмежку і расчулена пераняла з ягоных рук небараку-птушачку, раскіданыя крыльцы якой без сілы абвіслі ў паветры, таксама як і галоўка з маленькай разяўленай дзюбкай.

— Божа… Пятрок! Што ж гэта?.. Гэта ж кепска…

— Кепска?

— Ой, гэта ж няшчасце! Гэта ж на бяду нам, — гатова была заплакаць Сцепаніда.

Пятрок зніякавеў таксама, але стараўся заставацца бадзёрым і не хацеў паверыць, што ад гэтай малечы можа быць якое няшчасце.

— Ну якая бяда! Змёрз проста. Такая сцюжа…

— Божа мой, Божа мой! Нашто ж ты яго чапаў? Нашто ты яго згледзеў? — бедавала Сцепаніда сама не свая ад гэтага яўнага знаку бяды.

Нейкі час яны не ведалі, што рабіць, і, ашаломленыя, стаялі на мяжы над маленькай мёртвай птушачкай з белымі, як ніцыя жытнёвыя парасткі, падкурчанымі кіпцюркамі. Сцепаніда нават заплакала, і Пятрок не суцяшаў яе: мусіць, самому было не лепей. Жаўраначка закапалі пад мяжой у ямцы, уваткнулі над ім вербную галінку — для знаку. Не ведалі, што рабіць з астатнімі вярбінкамі, — неяк знікла жаданне абносіць імі азіміну, стала ніякавата і нават трошачкі боязна невядома чаго. Прыгнечаныя, яны без ранейшай цікавасці абышлі ўзмежкам надзел і павалакліся да хутара.

Каб яны ведалі, што іх чакае на хутары, дык, мабыць, уцяклі б ад яго куды далей, можа б, і не вярнуліся на яго. Але вялікая сіла — нязнанне, яно, пэўна ж, не меней значыць для чалавека, чым яго самыя выдатныя веды, яго вытанчаная здольнасць прадбачыць будучае, зазіраць наперад. Нязнанне таксама ахоўвае, аберагае, дае чалавеку магчымасць жыць.