Читать «Знак бяды» онлайн - страница 8

Васіль Быкаў

Увага яго, аднак, ні на чым не спынялася, усё навакол было звыклае і даўно знаёмае. Ды і дзіва што: тут ім пражыта дваццаць гадоў жыцця — нялёгкага, у працы, нястачы і клопатах, але іншага, мабыць, не будзе, ды і гэта ўжо ідзе на закат, у старасць. Можа б, як і дабыў свой век не ў сытасці, дык хоць у спакоі, каб не гэта вайна.

Апошнім часам пасля дажджоў узялася ў рост мурава ля плота, і Пятрок, тупаючы па ёй, усё спыняўся і азіраў падворак. Шмат год ён тут быў гаспадар, а цяпер глядзеў на ўсё быццам чужымі вачыма, быццам ён куды ад'язджаў, развітваўся, і яму было шкада ўсяго. Хата не сказаць каб новая, але дзерава папалася некалі добрае, смаляная хвоя, бярвенне на сценах трохі патрэскалася, але нічога. Хата яшчэ пастаіць. Страху ў вільчыку трэба б як-небудзь залапіць, ля коміна ад самай вясны цячэ, калі дождж, таксама як і ў істопцы, што цераз сенцы, пад адным з хатай дахам. У істопцы дык ліе добра ў дождж, на гліністым доле тады збіраецца лужына, і Сцепаніда лаецца: не дабярэшся за лета атуліць дзірку. Але во не дабярэшся, то тое, то гэта, а галоўнае — няма жаднай ахвоты цягнуць свае косці на страху па драбіне, усё думаецца: перастане дождж — высахне. А то патрывожыш гнілую салому — пачне ліць болей, чаго хацець ад тае будыніны, якой ці не сто, можа, гадоў — ставілі, глядзі, яшчэ ці не за паншчынай. А істопку, можа, і яшчэ раней. Страха на ёй, колькі памятаў Пятрок, зелянела пад цэлаю шапкай моху, у маленькім, на адну шыбку, акенцы бліскала таксама зеленаватае ад старасці шкельца. Зрэшты, шкельца куды маладзейшае за істопку, якую некалі палілі па-чорнаму, у акенца ішоў дым; у цёмным куце яшчэ і цяпер смярдзіць застарэлым гарам чорная печ-каменка.

Самая, можа, спраўная тут будыніна — новая пунька пры хляве. Праўда, з выгляду не дужа самавітая, сяк-так складзеная з тонкага яловага вярталля, у сценах спрэс шчыліны, але для пуні гэта не хіба: вецер прадзімае, а дождж не мочыць. Ладзілі яе некалі з Федзькам, думалася: калі не самому, дык, можа, спатрэбіцца сыну. Адслужыць у войску, ажэніцца, будзе ў Яхімоўшчыне. Усё ж сядзіба не самая кепская і ў здатным месцы — наводдаль ад вёскі і непадалёк ад мястэчка — жыць можна. Ды дзе цяпер Федзька?.. А ў пуньцы жытнія снапкі сохнуць на ветры, чакаюць свае пары. Часам ён зніме зверху два-тры сушэйшыя ды абтрасе ў сенцах на коўдры. Змалоўшы на жорнах, Сцепаніда спячэ пару боханаў хлеба — ці многа на дваіх старых трэба?