Читать «Знак бяды» онлайн - страница 10

Васіль Быкаў

— Пятрок, немцы…

— Га?

— Кажу, немцы! Там, на гасцінцы. Мост ладзяць.

— Мост?

Гэта была навіна, Пятрок такой не чакаў. Можа, толькі цяпер ён зразумеў, як добра было тут без моста і якая пагроза насоўвалася на хутар разам з гэтым мостам.

— Тады дрэнь справа.

— Куды як дрэнь. Наехала немцаў, нашы местачкоўцы з падводамі, возяць бярвенне. Нешта трэба рабіць! А то прыедуць, абрабуюць. Як жыць тады?

— Але ж. Толькі што рабіць? — збянтэжана стаяў Пятрок.

— Пахаваць хоць дабро. Кароўку ў лес калі прывязаць. А свінчо?..

Свінчо, іх парсючка, вядома, не прывяжаш да хвоі, парсючка трэба карміць. Ды і куры. Невялікі набытак, ведама, з тых курэй, але без іх гаспадарка — не гаспадарка. Што было рабіць, куды дзяваць усё гэта?

— Найперш за парсючка баюся, — зморана сказала Сцепаніда, папраўляючы хустку. — Забяруць. Такі парсючок ладны. Ешчы.

— Да сала яны ласыя. Матка — шпэк! Матка — яйка! — успомніў колішніх немцаў Пятрок.

— Я так думаю: трэба схаваць. Ты ідзі сюды! — пацягнула яна яго ў глыб падворка.

Яны абышлі істопку, мінулі дрывотню са старой сукаватай калодай, пералезлі цераз жэрдку ў гародчык. Тут за падвялым дзядоўнікам і зараснікамі крапівы пад нізка навіслай страхой істопкі мясцілася несамавітая будка-бакоўка. Здаўна яна пуставала без жаднай патрэбы, і ў яе сцягвалі рознае гаспадарчае ламачча, выкінуць якое было шкада, а ў хаце яно замінала. Сюды рэдка калі заглядвалі, хіба па яйкі — пры дзвярах у саломе часам несліся куры, і цяпер тут ляжалі два жоўтыя нясвежыя поклады.

— Во, калі яго сюды? — казала Сцепаніда, шырэй расчыняючы нізкія дзверцы. — Ён жа ціхі, можа, не знойдуць.

Знойдуць ці не — хто ведае, але Пятрок за доўгае жыццё разам прывык слухаць жонку, яна была не самая дурная баба, а галоўнае, заўсёды ведала, чаго хацела. І хоць клопат пра тое свінчо цяпер быў не самы найбольшы ў Петрака, ён рупна ўзяўся ладзіць таму новы схоў. Найперш павыцягваў з бакоўкі цесна набітае туды ламачча: нейкія палкі, скарэлае ад мешанкі, абгрызенае свіннямі карыта, паламанае кола і даўнюю, можа, дзедаўскую яшчэ, саху з ушчэнт паржавелымі лемяхамі. Папоркаўшыся паўгадзіны, скрынкай і палкамі неяк адгарадзіў невялічкі закутак, прынёс з пунькі саломы, не раўняючы яе, каб не дужа было відаць, напіхаў у адгародку. Сцепаніда тым часам ціхенька вывела з хляўка ладнага іх парсючка, пачэсваючы яго за вушамі.

— Дзюдзя, дзюдзя, во сюды… Цяпер сюды. Во добра, дзюдзя…

«Як малога», — падумаў Пятрок, прапускаючы ў дзверцы парсючка, які, ціха парохкваючы, старанна абнюхаў парожак, салому і паслухмяна ўладкаваўся ў сваім катушку, канешне, і не падазраючы пра небяспеку, якая над ім навісла. Сапраўды, гэта было рахманае свінчо, вельмі не хацелася б страціць такога. «Можа, яшчэ як і ацалее, калі будзе мець свой хоць невялікі свінячы розум», — падумаў Пятрок.

— Ну во! — спаканней сказала Сцепаніда. — Усё ж не навідавоку. Няхай ляжыць.

Яны выйшлі на падворак, дзе з трывожным чаканнем у сумных вачах стаяла Бабоўка і ля яе ног хадзілі дзве рабыя курыцы.