Читать «Знак бяды» онлайн - страница 7

Васіль Быкаў

На гасцінцы па-ранейшаму было пуста, і нічога не чуваць адтуль, ад сасоннічку, яна пастаяла, падумала і, не выходзячы на насыпку, хуценька патупала па-за канавай, дзе з гэтага боку была пакручастая, трохі ўтаптаная людскімі нагамі сцежка.

Яна так і не магла даўмецца, што здарылася наперадзе, хоць увесь час узіралася ў канец гасцінца і разы чатыры ажно спынялася, слухаючы і разважаючы: што б там магло быць? На Слабадскіх Выселках таксама ўсё было ціха, пуста шарэў бульбяны палетак на касагоры каля яе хутара, усё дзьмуў вецер, і разы два здалося — выблісне з-за хмар сонца, ды так і не выбліснула. Так яна амаль што дайшла да сасонніку, шчыльны гушчар якога заўзята зелянеў абапал гасцінца, і да яе насцярожанага слыху ветрам данесла стук. Нешта там забівалі, ці што, — выразна ляскала па чымсь цвёрдым, аж аддавалася ў паветры, і ўпершыню яе пранізала здагадка: мост! Так, гэта было за недалёкай павароткай гасцінца, што знікаў у хвойным лапіку, менавіта там нешта адбывалася.

Сцепаніда запаволіла хаду, гатовая спыніцца, але не спынілася — хуценька дайшла да сасонніку і, каб не ісці па дарозе, звярнула ў ягоны гушчар. Тут было рукой падаць да хутара, і тут яна ведала ўсе пянькі, сцежкі, вытаптаныя Бабоўчынымі ды і яе нагамі. Яна амаль подбегам, дзе прама, а дзе ўгінаючыся ад голля, адолела невялічкі хвойны пагорак на ўзлеску, асцярожна ступаючы, зірнула на шырокую разлогу поплава з нябачнай адсюль крывулінай рэчкі. Сапраўды, ад моста ўжо чутны стаў гоман, спазнела гупнула ад скінутага на зямлю бервяна, яна адхінула ад твару калючую галіну і ўбачыла тое, што на момант прымусіла замерці сэрца.

Ля моста ўнізе, ля самай вады і на разбуранай колішнім выбухам насыпцы, завіхаўся дзесятак людзей, згружалі бярвенне з падвод, што тоўпіліся па той бок на дарозе, а на самым абрыве ля разварочаных паляў і бэлек стаяла некалькі мужчын у незнаёмай вайсковай форме са зброяй. Адзін з іх у шызай казыркастай шапцы нешта паказваў ад сябе ў бакі то левай, то правай рукой і тлумачыў, іншыя заклапочана азіралі рэшткі разбуранага моста, і яна раптоўна з нечаканым страхам уцяміла: то ж немцы!

2

«Што будзе? Чаго чакаць ад немцаў? Дзе нашы, і калі настане канец гэтай калатнечы?» — паныла думаў Пятрок.

Балючых гэтых пытанняў было шмат, і, не знайшоўшы адказу на іх, нельга было вызначыць для сябе, як жыць далей, на што спадзявацца, чым жыць сёння. Але, мабыць, марна было ламаць галаву і думаць, мабыць, нічога не ўдумаеш, і трэба прымаць тое, што нарыхтаваў табе лёс.

Але ўсё роўна думалася, бо клопат гэты ржавым цвіком тырчэў у галаве ўжо колькі часу, ці не з пачатку вайны, і адчапіцца ад яго не было магчымасці.

Між тым не сказаць, каб на хутары стала так ужо кепска, каб нават што-небудзь асабліва змянілася пад новай, нямецкай, уладай, усё быццам заставалася, як і раней: заўсёдным чынам рупіў звыклы восеньскі клопат пра хлеб, была кароўка, гадаваўся ў хляўку падсвінак, на падворку сноўдалі куры. Быў сякі-такі харч: капуста і бульбачка ў гародзе, у пуньцы пры сцяне ляжала са тры капы жыта — пад восень нажалі на пакінутым калгасным полі. На стале быў хлеб, і нават лепшы, чым калі дагэтуль, а бульбы можна б і яшчэ падкапаць — вунь яна на Галгофе, калгасная, цяпер нічыя. Высялкоўскія бабы паціху капалі сабе, каторыя спрытныя, не чакаючы якога дазволу, самі сабе ў прыклад. Яму б таксама не шкодзіла прыцягнуць мяшэчак ды засыпаць у капец на гародзе, які ён ніяк не мог акапаць за тыдзень. Сцепаніда наказвала сёння скончыць, прывядзе карову — зноў будзе сварка. Але ні да якой работы ў яго не ляжала душа, галава была занята зусім іншым клопатам, Пятрок нудзіўся, бясконца дыміў самасейкай і то сядзеў на ўслончыку пры парозе ў сенцах, то няўцямна сноўдаў, як хворы, ля хаты.