Читать «Знак бяды» онлайн - страница 34

Васіль Быкаў

Тым часам ля калодзежа даварваўся абед — дым з кухні амаль перастаў ісці, пара таксама скончылася, круглае вечка кухні было няшчыльна прычынена, і на падворку запахла смажаным, мусіць, салам з цыбуляй — немцы прыпраўлялі суп. Зласнавата-маўклівы кухар рабіў там, нібы аўтамат, не прысеўшы ні разу; пасля сваркі панура поркаўся ля стала ці ля топкі ягоны памагаты Карла. Але вось здыхлаваты выпрастаўся, дастаў з кішэні гадзіннік і нешта прагергетаў Карлу. Пятрок паціху прыбіраў у сенцах і ўсё цікаваў за імі, трохі нават шкадуючы Карла. Мабыць, таму добра папала ад кухара, інакш бы ён так не адварочваўся ад Петрака, калі той выйшаў на прыступкі і венічкам пачаў замятаць ля парога. У гэты час ад гасцінца даляцеў знаёмы нутраны вуркат, ранішняя машына, кулдыхаючы з боку на бок брызентавай будай, заварочвала да сядзібы. Пятрок з венікам кінуўся ў сенцы.

— Едуць! Баба, ці чуеш?!

Хапаючы штось на хаду, Сцепаніда выскачыла з хаты і прычыніла дзверы, яны абое стаіліся за шулам у сенцах і чакалі. Машына цяжка пхнулася па вузкай дарожцы і, як і раніцай, спынілася ў варотцах. Пятрок чакаў, што нехта выйдзе адтуль, але спярша там штось лязгнула, а пасля з той брызентавай буды пасыпаліся адзін за адным чалавек з дзесяць ці болей немцаў. Апрануты яны былі хто ў чым: у мундзірчыкі, нейкія курткі, двое ў плямістыя хвастатыя накідкі, і кожны з зялёным пляскатым кацялком у руцэ ці прышпіленым да дзягі. Зброі чамусьці ў іх не было відаць. Немцы не памкнулі да кухні, ля якой застылі абодва кухары, трохі часу яны папраўлялі дзягі, куртатыя свае пілоткі — пэўна, чакалі каманды. Тым часам з кабіны вылез чалавек у чорным цыратавым плашчы і высокім, як грэбень у пеўня, картузе з нейкаю белай адзнакай над казырком. Ён нешта сказаў перахлябістаму кухару, які паслухмяна цепнуў плячыма, нібы скалануўся, і толькі затым расслабіўся. Мусіць, то быў нейкі дазвол ці каманда.

— Ахвіцэр, — здагадаўся Пятрок.

Сцепаніда стала бліжэй да шула і маўчала, зышоўшыся ў страхавітай увазе да ўсяго, што рабілася на падворку. Але асабліва страшнага там пакуль не было нічога, салдаты абступілі кухню, і над іхнімі галовамі матлянуўся доўгі тронак кухарскага чарпака — пачыналася раздача абеду. Гэтаксама, як ля ракі ўлетку, калі на прывале харчаваліся нашыя чырвонаармейцы перад тым, як адступіць на ўсход. Цяпер ля калодзежа шчыльненька тоўпіўся тузін немцаў, нешта весела гергеталі і смяяліся, некаторыя спаласквалі кацялкі ля вядра, што стаяла пад тынам. Толькі афіцэр адышоўся воддаль, на сярэдзіну падворка, і, пазіраючы кудысь на страху хаты ці істопкі, дастаў з кішаня галіфэ тоненькі блішчасты партабак. Пакуль ён закурваў, Пятрок хацеў злавіць яго позірк, але вачэй афіцэра зусім не было відаць за шырокім, як конскі капыт, казырком картуза. Немец прыкурваў, паводзіў сюды-туды галавой, а побач усё нешта тлумачыў яму знаёмы кругленькі фельдфебель, паказваючы наўкола рукой. Мусіць, гэтая яго рука тыцнулася ўрэшце на дзверы, і тады афіцэр згледзеў у сенцах гаспадароў і чуйна знерухомеў паставай. Пятрок тузануў за плячо Сцепаніду.