Читать «Знак бяды» онлайн - страница 32

Васіль Быкаў

— Вас, вас? — неяк жвава, мабыць, зацікаўлена, загаманіў да яго памагаты кухара і адклаў нож. Пятрок зразумеў і з гатоўнасцю выцяг капшук.

— Ага, можна. Свая гэта, дамашняя, калі пан хоча…

Немец ашчадна адарваў ад яго складзенай стосікам газеткі невялікі шматок, і Пятрок адмераў яму добрую шчапоць самасейкі. Немец даволі спрактыкавана скруціў цыгарку, старанна паслюніў і прыкурыў ад свае запальнічкі — нейкай адмысловай штуковіны, з якой пстрыкала сіненькім полымем. Пятрок сачыў за ім амаль з дзіцячай цікавасцю, усё ж хацелася, каб ягоная табака спадабалася немцу. Немец грунтоўна зацягнуўся, выпусціў дым, і Пятрок падумаў: закашляе. Але не, не закашляў, толькі лыпаў светлымі пад белымі брывамі вачыма.

— Іст гут!

— Гут? — успомніў Пятрок знаёмае яшчэ з той вайны нямецкае слова і ўзрадаваўся. — Я ж кажу… Добрая, ага. Свая, так што…

— Гут, — яшчэ сказаў немец і нешта загаманіў да кухара, што арудаваў вялізным, як вясло, чарпаком у катле. Ды той раззлавана гыркнуў раз і другі, і гэты паклаў на краёчак стала цыгарку і ўзяўся за нож.

Пятрок падумаў, што, мабыць, хопіць. Усё ж абодва яны пры справе, назаляць ім нягожа, і ён задам і бокам падаўся да ганка.

Трэба было брацца за ўборку, але ён не ведаў, з чаго пачынаць. Ніколі ён не прыбіраў у хаце, заўжды гэта рабіла Сцепаніда, некалі ёй памагала Феня, у яго ж былі іншыя, чыста мужчынскія клопаты. Але во, мусіць, вайна ўраўняла, і цяпер не абышла і яго бабская справа. Найперш, мусіць, трэба было аслабаніць падлогу, каб не замінала мыць, і ён павыцягваў у сенцы ўсе чыгуны ад печы, вілы, качаргу, памяло; адсунуў стары ўслон ад парога, дзе аказалася процьма рознага хатняга начыння: дзіравыя атопкі, пабіты вазон, вечка ад кадкі, нейкія шчэпкі, мусіць, для растопкі ў печы. Усё, што тут стаяла і ляжала доўгія гады і мела сваё пэўнае месца, не замінаючы нікому, чаму цяпер яно павінна замінаць гэтым чужынцам? Але, мусі, во замінае. Пятрок вынес у істопку і розныя транты з вешала каля печы, зняў з цвіка кажух, далікатна ўзяў у рукі скрыпку. Скрыпку выносіць у сырую істопку яму не хацелася, яе трэба было сцерагчы ад вільгаці, і цяпер, разважыўшы, Пятрок асцярожна засунуў яе за абразы. Маленькая яго скрыпачка зусім схавалася там. Хай, мо дачакаецца лепшага часу.

У хаце павальнела, зрабілася амаль пуста, і Пятрок, паўздыхаўшы, прынёс з сянец вядро з вадою, дастаў з-за печы анучу. Увесь час злуючыся на жонку, ён выліў вядро ля печы на самае затаптанае месца — хай адмакае. Вада шырока расцякалася па дошках, але спакваля збегла на ніжэйшае месца пад самы парог і сабралася ў ладную чорную лужыну. Пятрок стаяў сярод хаты. Яму трэба было ўзяць у сенцах галень, але ні разувацца, ні мачыць ногі яму не хацелася, і ён чакаў, пакуль вада куды-небудзь сыдзе.

— Божа, што гэта? Што ты нарабіў? — пачуўся з сянец Сцепанідзін голас.

— Дык падлогу ж мыць…

— Во, анучай цябе па вачах! Хто ж так мые падлогу?! Ці ты здурнеў?

Сцепаніда злосна ляскала сябе па сцёгнах — ведама, зрабіў не па яе, па-свойму, заўжды яму за гэта даставалася ад жонкі. Але, калі прыйшла, хай мые сама, ён сваё зрабіў, усё прыбраў, засталася падлога.