Читать «Знак бяды» онлайн - страница 31

Васіль Быкаў

Было ёй да гаркоты крыўдна ў душы і боязна, і чула яна: магчымасці яе людскага жыцця ўсё вузелі-змяншаліся. З кожным днём на свеце ўсё горшала, вайна ўчэпістай лапаю падбіралася ўсё бліжэй, а цяпер дык і зусім улезла ў хату, на самы покуць, пад абразы. І што было рабіць, апроч як бедаваць, лямантаваць, плакаць? Але слязьмі ды крывёю і так набрыняла зямля, што з таго шкоды вайне? Тады што ж — трываць усё моўчкі, чакаць лепшай часіны? Чула яна сваім сэрцам: за меншай бядой заўжды дыбае большая, тады заякочаш, але хто паможа?

6

Два немцы поркаліся сабе ля кухні, а Пятрок сеў ля акна ў хаце і з гора скруціў вялізную, з бабовы струк, цыгарку. Добра пакамечаную ў пальцах жаўтлявую нямецкую цыгарэтку ён схаваў за планку пад абразамі — скурыць калі ў іншы час. Трэба было брацца за справу — прыбіраць у хаце, выкінуць у істопку ўсё лішняе, аслабаніць ад бабскага начыння качарэжнік, а галоўнае — мыць падлогу. Ён злаваў на Сцепаніду за яе незгаворлівасць: кінула ўсё, пабегла. Чорт бы яе не ўзяў, тую карову, мусі бы, пастаяла да паўдня ў хляве. Ці тут да каровы, калі на падворак уехалі гэтыя… Аднак даў жа Бог клопату, наслаў немцаў, ці ім мала было гарадоў, мястэчак, хоць бы якіх вёсак, дык во, дабраліся і да гэтага Богам забытага хутара.

Хваравіта кашляючы (балела з начы ў грудзях), Пятрок пазіраў у акно на тых двух, што цяпер гаспадарылі ля яго калодзежа. Адзін, здыхлаваты і белабрысы, у абвіслым на азадку камбінезоне, нешта сыпаў белае ў кацёл кухні, з якога валіла воглая пара, а прысадзісты, з рабым тварам раскладваў нейкі прыпас на вечку драўлянае скрынкі, акуратна засланай чыстай белай цыратай. «Глядзі, культурныя!» — з зайздрасцю падумаў Пятрок і гаротна ўздыхнуў: праз гэту іх культуру бярыся цяпер за вядро і анучу, расчынай гразь у хаце. Добра, што было суха і цёпла, дык ім яшчэ каб і чыста. Культурныя…

Цыгарка яго тым часам ужо расклейвалася ў пальцах, але ён не меў чым яе прыпаліць і не адважваўся падысці да немцаў, каб папрасіць агню. Ды ўсё ж прага курыць нарэшце перасіліла нерашучасць, Пятрок выйшаў з сенцаў і спыніўся за пяць крокаў ад кухні, трымаючы навідавоку незапаленую цыгарку. Ён думаў, можа, яны ўбачаць і дадуць агню, прасіць яму было ўсё ж няёмка і трошкі боязна. Але яны быццам не заўважалі — даўгалыгі ўсё боўтаў у катле кухні, якая парыла і дыміла на ўсю акругу, а каржакаваты, мусіць, ягоны памочнік, вялікім нажом крышыў на белай цыраце сала. Пятрок ціха пакашляў і ступіў яшчэ два крокі наперад.

— Гэта… Паночкі, каб прыкурыць…

Мусіць, яго зразумелі — каржакаваты, у белым, завязаным на паясніцы фартусе, павярнуў да яго шырокі, рабы, нейкі зусім не германскага выгляду твар і нешта прабурчэў, нязлосна так: «Я-я». Пятрок не зразумеў, але па тым, што немец не сказаў болей нічога, здагадаўся, што яны дазваляюць. Падышоўшы да кухні, ён кавалачкам бярозавай карыны выграб сабе на траву вугалёк з топкі. Не дужа ўдала, абпёкшы пальцы, таропка прыкурыў ад вугольчыка і адчуў, як пасля першых зацяжак ягоная самасейка перабіла на падворку ўсе іншыя, чужыя тут пахі.