Читать «Знак бяды» онлайн - страница 29

Васіль Быкаў

Дзіўна, як хутка яна супакоілася, мусіць, таму, што яны аказаліся не надта ўжо страшныя, не лаяліся і не пагражалі, — яны проста паводзілі сябе роўна і ўпэўнена, як гаспадары на гэтым падворку. Што ж, яна разумела: яны перамаглі, заваявалі гэту зямлю, мусіць, іхняе права цяпер рабіць, што захочуць. Відаць па ўсім, яны надта добра ведалі і пільнаваліся гэтага права. Але менавіта гэта іх упэўненасць у сваёй праваце і ўсведамленне беспакаранасці за тое, што не прынята рабіць між людзьмі, адразу настройвалі яе супраць. І яна адчувала, што незалежна ад таго, як яны паставяцца да яе, добрыя адносіны паміж імі наўрад ці магчымы.

Калі яны гурбою выпхнуліся з нізкіх дзвярэй на каменны прыступак ганка, яна стаяла каля хлява на падворку і чакала. Яна наўмысля пільнавала на шляху на дрывотню, каб спаткаць таго, у камбінезоне, што завіхаўся ля кухні, накладваў бярозавыя паленцы ў топку. Сказаць яму яна не магла нічога — яна толькі хацела зірнуць у яго бессаромныя вочы. Але ён болей не ішоў па дровы — ён добра ўжо расшураваў сваю кухню-машыну, і тая поўніла падворак дымам, час ад часу з жалезнай трубы шугала іскрамі ў неба. Сцепаніда падумала: каб хоць не згарэць тут праз іх. Усе гады, што жыла тут, яна чамусьці баялася пажару ад печы ці ад маланкі, неаднойчы ёй нават снілася ўначы, як гарыць яе Яхімоўшчына, а яна бяссільна бегае вакол, бы на ватных нагах, і нічога зрабіць не можа.

Немцы выйшлі ўсе разам на двор, фельдфебель трохі аддзяліўся ад іншых, нешта наказваў Свянткоўскаму, які вельмі ўважліва яго слухаў. Затым ён звягліва крыкнуў штосьці на кухара, той адразу прутка выцягнуўся, кінуў у адказ адно толькі «яволь!». Што фельдфебель казаў ім — добрае ці благое, яна не ведала і падумала: каб вы перадохлі ўсе разам!

Іншыя тым часам звалаклі з машыны і саставілі пад страхой на прызбе некалькі жоўтых драўляных скрынак, накладзеных чымсьці цяжкім і грувасткім, мяхі з чорнымі клеймамі на баках; там жа на прызбу паставілі дзве караткаватыя вінтоўкі з жоўтымі раменнымі почапкамі. Напэўна, усё гэта заставалася тут, з кухняй, а машына збіралася выязджаць, — малады, з выстрыжанай патыліцай шафёр ужо сядзеў у машыне, і тая, завёўшыся, аж трэслася ўся ад натугі.