Читать «Знак бяды» онлайн - страница 28

Васіль Быкаў

Яна так і не дачакалася, калі яны выйдуць, — яе ўвага адцягнулася на падворак, дзе ля калодзежа затхла дыміла, мусіць, сырымі дрывамі палілася, кухня, і худы ў камбінезоне немец перкаўся там, згінаючыся перад нізкай топкай. Пасля ён кудысьці рашуча пакрочыў цераз падворак, і яна аж спалохалася: ці не ўчуў ён свінчо? Але не па свінчо, мусіць, тое сядзела сабе ціха, а немец неўзабаве зноў паявіўся на падворку — крывячыся ў паясніцы, валок да кухні цэлы абярэмак дроў. У Сцепаніды, як яна згледзела тое, ажно схаладнела ў душы — то былі бярозавыя палены, беражоныя ёю на зіму для распалу, іх была зусім невялікая купка пад самай страхой ля хляўка. Але во, упароў! Першым яе жаданнем было выйсці і сказаць яму: нядобра ўсё ж робіш, чалавек, не тваё ж, мусіць? Але яна не сказала, а затым рашучасць яе апала, яна праглынула крыўдлівы камяк і сказала сабе: хай, пабачым, што яшчэ будзе.

Сцепаніда ўжо адышлася ад першага страху, і ёй стала прыкра, яна адчула сябе тут лішняй, захацелася кудысьці сысці, каб нічога не бачыць і не расстрайвацца: хай гаспадараць, як хочуць. Ці яна перашкодзіць ім? Але яна трохі разважыла і зразумела, што пакідаць сядзібу нягожа; усё ж тут карова, падсвінак, яе дзевяць курыц з пеўнем. Як на тую бяду, карову яна не паспела выгнаць у поле, добра, што яшчэ перахавалі падсвінка і на таго цяпер не так лёгка набрысці гэтым памоўзам. І яшчэ добра, што яна не выпусціла з хляўка курэй — тыя хоць галадалі, але не кідаліся гэтым на вочы. Можа, яшчэ і пераседзяць. Карову ж, аднак, хаваць не было сэнсу, усё роўна пра яе яны ўжо ўведалі, карову трэба было адвесці на пашу. Сцепаніда пачала шарыць у сенцах вяроўку, як з хаты выскачыў Пятрок, яго паморшчаны, з растапыраным шчаціннем твар свяціўся, аднак, нейкаю бы жвавай радасцю.

— Баба — яек! Яек давай, хутка!!!

«Яек!» — сказала яна сабе. Ну, ведама, без яек у іх не абыдзецца. З яек яны пачынаюць, чым толькі скончаць? Трохі, аднак, памарудзіўшы, яна расчыніла дзверы ў істопку і ўзяла з-пад рэшата ў жорнах старэнькі свой кошык, у якім цьмяна бялеліся дзесяткі два яек. Яна хацела аддаць іх Петраку, хай бы частаваў там, але той ужо вярнуўся ў хату, і ёй давялося таксама пхнуцца туды. Не ведаючы, каму падаць яйкі, яна паставіла кошык на канец услона. Адразу ж да кошыка пацягнуліся чужыя рукі, і яна, адступіўшы трохі, не магла адарваць позірку ад гэтых страхавітых чужынскіх рук. Першай туды порсценька сунулася белая, далікатная ручка, мусіць, таго фельдфебеля, яна намацала верхняе круглявае яечка ад рабенькай курачкі, самай яе нясушкі. Але чымсь тое не задаволіла немца, ён паклаў яйка назад, узяў меншае, можа, чысцейшае ці болей жаўтлявае. Круглае ж адразу падабралі тоўстыя, як каровіны сіські, пальцы з рудымі валасамі ля костачак; затым узяла іншае яйка з краю маладая, не дужа чыстая шафёрская рука, што выпнулася са знаёмага караткаватага рукава мундзірчыка. Далей Сцепаніда чамусьці не магла ўжо глядзець — яна апусціла вочы на трохі папэцканыя ў траве хромавыя боты Свянткоўскага. Перагаворваючыся па-свойму, немцы залускалі шкарлупіннем, білі аб нешта яйкі і гучна хлёбалі з іх, без хлеба і солі. Адчуўшы гідлівасць, яна павярнулася, каб выйсці ў сенцы, і ледзьве не сутыкнулася з фельдфебелем, які топкім сцізорыкам акуратна дзёўбаў жоўтае яйка рабой нясушкі.