Читать «Знак бяды» онлайн - страница 18

Васіль Быкаў

— Скажы мне дзякуй. Маёй дабраце. А то б даўно ўдаўцом стаў. Панятна?

— Дык то — дзякуй.

— Во-во!

Што ж, Пятрок зразумеў: на гэты раз быццам пранесла. Можа, не возьмуць. Пакуль што. Калі гэта дурніца зноў не налезе на іх паліцэйскі ражон.

— Але «дзякуем» не абыдзешся. Ці ты думаеш, я цябе буду пакрываць і яшчэ паўлітэркі насіць? Гэта ты мне насіць должан, — зноў узяўся за сваё Гуж.

— Дык я б з гатовай душой. Але…

— Гарэлкі няма? А ты дастань! Купі! Выменяй! Для радні не можаш пастарацца? Я ж табе не чужы?

— Не чужы, ага…

«Каб ты згарэў, аднак, сваячок гэты», — зацята думаў пры сабе Пятрок, адчуваючы, што новая паваротка ў гаворцы не лепшая за ранейшую. Дзе ён возьме яму гарэлкі? У лаўцы не купіш, у суседзяў не пазычыш. Некалі, праўда, спрабаваў гнаць самагон, але і начыння таго даўно ўжо няма. Зноў жа, як было пярэчыць гэтаму жываглоту — неяк трэба выкручвацца. Як толькі?

— Я да цябе яшчэ завітаю. Чуеш?

— Чую, анягож. Ды толькі…

Ён не знайшоў, як скончыць, калі ўвайшла Сцепаніда, прынесла гуркоў і капусты, моўчкі паставіла ўсё на стол.

— Мусіць, немцы слабавата кормяць? — з прыхаванай з'едлівасцю запытала яна. Гуж нядобра вырачыў вочы.

— А табе што? Ці вельмі не падабаюцца немцы?

— Як скуллё на задніцы!

— Сцепаніда!!! — ускочыў Пятрок. — Маўчы!

— А я і маўчу!

— Маўчы!!! Знаеш… Вот ён па-родственнаму! Па-добраму, а ты! Знаеш?..

— Ладна, — сказала яна да Петрака. — Ужо выпіў, дык і гатоў зад лізаць. Дужа ты, аднак, быстры…

Апошнія яе словы ўжо даляцелі з сенцаў, бразнулі дзверы, і Пятрок вінавата пракашляўся. Ён чакаў і баяўся, што цяпер скажа Гуж.

— Баба, вядома… Што зробіш?

— Што зробіш? — злосна падхапіў паліцай. — Пута вазьмі. Каторае тоўстае, новае, з кастрой! І путам! А то пяньковай пятлі дачакаецца. Папомніш мяне!

Пятрок панура маўчаў, седзячы пры стале. Кучку накрышанай табакі ссунуў на ражок стала і невідушча падмятаў даланёй табачныя крошкі, слухаючы, як пляцкае тоўстымі вуснамі Гуж — есць яго сала, грозіцца і павучае яго, як жыць з бабай. Удвая маладзейшы, а глядзі ты, які стаў разумны пры нямецкай уладзе!

— Прыязджаў важны чын, — ужо спакайней паведаміў Гуж. — Называецца па-нямецку зондарфюрар. Загадаў усё ў полі ўбраць.

— Счытай, усё ўжо ўбралі, — уставіў Пятрок.

— Не ўсё. Тое, што ўбралі, нікуды не дзенецца. Пападзе ў нямецкі засек. Але бульба! Бульба засталася. Во і яе выкапаць. І здаць. Для германскай арміі. Паняў? Як пры Саветах.

«Чорта ты яе з поля возьмеш для германскай арміі, — падумаў Пятрок. — Няхай яна пагніе там!»

У бутэльцы яшчэ трохі заставалася, Гуж выліў рэшту ў шклянку і моўчкі перакуліў шклянку ў рот. Крактануў, выцер пяцярнёй тлустыя ад сала вусны.

— І яшчэ во што! Тут, мабыць, заходзяць розныя?.. З лесу каторыя. Бандзіты! — зноў уставіўся ён на Петрыка, якому стала не па сабе ад гэтага яго позірку. — Не было такога? Ладна, паверу. Але помні: калі хто — адразу ў паліцыю. У мястэчка ці ў Выселкі. Але каб зараз жа. Паняў? А то за ўкрывацельства, знаеш? У мястэчку быў?