Читать «Знак бяды» онлайн - страница 20

Васіль Быкаў

Праўда, тое разумнае меркаванне толькі блытана мроілася ў яго захмялелай галаве, услых жа ён стрымана, ціха агрызаўся на Сцепанідзіны наскокі, ведаў: пры злосці ёй лепш не пярэчыць, ягонага верху ўсё роўна не будзе.

Сцепаніда ж тым часам, здаецца, усё выгаварыла і неяк ураз пацішэла. Спярша яна аж спалохалася, як убачыла ў хаце чужых, але затым пакрысе асмялела, асабліва калі раззлавалася. А раззлавалася яна болей на Петрака за яго нахабны наскок на яе з крыкам, камандаю ды яшчэ перад гэтымі злыднямі. Хай бы крычаў-загадваў, калі яны засталіся ў хаце ўдваіх, дык цяпер ён маўчыць ці адно буркае штось для свайго апраўдання. А тады ў яго лаянцы яна ўчула паганы намер вылузнуцца перад гэтым Гужом, дагадзіць яму тым, што зняважыць яе. Але зняважыць сябе яна не дазваляла нікому, заўжды магла пастаяць за сябе. Высялкоўцы і дагэтуль памятаюць, як калісь на калгасным сходзе яна збэсціла перад прадстаўніком з раёна іхняга кладаўшчыка — злодзея і п'яніцу Салаўя, як таго пасля знялі з кладаўшчыка і нават хацелі судзіць. А калі яна была звеннявой па льну і Кандыбішын зяць даказаў, быццам яе бабы крадуць ноччу лён, яна дамаглася праверкі, нават вобыску ва ўсіх; колькі разоў іх перапынялі на сцежцы, правяралі ў баб за пазухамі, пад спадніцамі, але марна, і гэты паклёп з іх знялі.

Яна размашыста секла сечкай траву ў карытцы. У расчыненых дзвярах пры парозе было светлавата, сечка кідала ахрап'ем на ўтаптаны земляны дол, яе парэпаныя босыя ногі, і яна горка думала, што з Петраком у такі кляты час прападзеш напэўна. Галоўнае — у яго няма жаднай цвёрдасці, мужчынскай самавітасці, з кожным ён гатоў пагадзіцца, падтакнуць, хоць той брэша, не баючыся Бога. Быццам людская пакорнасць робіць іх дабрэйшымі. Хутчэй наадварот. Не дасі адразу адпор — неўзабаве ўзаб'юцца на карак і будуць ехаць, колькі каму захочацца. Яна змалку ведала гэтага высялкоўскага Гужа, які ў калектывізацыю некуды ўцёк ад раскулачвання, а цяпер во зноў паявіўся з вінтоўкаю ў руках, каб помсціць людзям за мінулае ды піць гарэлку. Але яна не забылася на сваю апошнюю з ім сустрэчу ў трыццатым годзе і век не даруе яе яму. Хай сабе ён і з вінтоўкай. Таксама як і таму Каландзёнку, якога гадамі ненавідзела вёска аж да самай вайны, калі ён пайшоў па першай мабілізацыі ў войска, ды во праз месяц вярнуўся, людзі казалі: немцы адпусцілі з лагера. І ён прыбрыў у мястэчка, схуднелы, у вайсковых трантах, з вошамі за каршэнню. Дык во цяпер ад'ядаецца на паліцэйскіх харчах.

Яны абодва з вінтоўкамі, улада іх над людзьмі вялікая, яны ўсё могуць. Але яна іх не баялася, бо не паважала іх. Болей таго — яна іх ненавідзела. Зрэшты, ёй не было да іх справы, у тым жыцці, якое абрынулася на свет, яна адчувала перавагу сваёй спрадвеку ўстаноўленай праўды і, пакуль у яе было тое адчуванне, магла смела глядзець кожнаму ў вочы.