Читать «Знак бяды» онлайн - страница 17

Васіль Быкаў

— Сядзі! Сама дасць. А як жа? Убачыць, не сляпая. Госці ў хаце…

У сенцах штось бразнула, шырока тузануліся дзверы, і Сцепаніда на момант замерла на парозе, мусіць, нечакана згледзеўшы чужых у хаце.

— Захадзі, захадзі! — коўтаючы ежу ў роце, прагугнявіў Гуж. — Не сцясняйся, ха-ха! Мусіць жа, не сцясніцельная?

— Здраствуйце, — ціхавата павіталася Сцепаніда і пераступіла парог.

«Ну, зараз возьмуць!» — паныла падумаў Пятрок, скоса пазіраючы на Гужа. Але той, нібы безуважна да гаспадыні, адкроіў кус хлеба і пасунуў на край стала.

— З'еш, Патап.

Каландзёнак з нязрушнай паныласцю на белабрысым твары ўзяў пачастунак і тупа зыркнуў на гаспадыню.

— П'яце, а там ужо немцы па мосце ходзяць, — сказала Сцепаніда, хіба для таго, каб парушыць напружаную ціш у хаце.

— Правільна, ходзяць, — пагадзіўся Гуж. — Яшчэ пару дзён — і будуць ездзіць. Германская дзелавітасць!

— А чаго ім тут ездзіць? Што ў іх, у Германіі, дарог не хапае? — сказала Сцепаніда. Гуж выпрабавальна паглядзеў на яе і, нібы вожык, пагрозліва чмыхнуў носам.

— Дужа разумная, гляджу. Ах, якая разумная! Не дарма — акцявістка! Не адраклася?

— Ад чаго мне адракацца? Я не зладзейка якая. Хай зладзеі ад свайго адракаюцца.

— Хто гэта — зладзеі? Ці не мы, можа? — унутрана настырчыўся Гуж.

— А ёсць такія. Сёння так, заўтра гэтак. «Ды маўчы ты, дурніца, — даводзіў у думках Пятрок. — Што ты заядаешся? Ці не бачыш, хто перад табой?»

Сцепаніда і яшчэ памкнулася нешта сказаць, але толькі матлянула злым позіркам на Гужа, такім самым на Петрака і Каландзёнка. Гуж адразу ж падлавіў гэты яе позірк і загудзеў злым басам:

— Вот швэндаешся па палёх, нямецкія часці разглядваеш. А ў хаце госці. Што гаспадыня далжна рабіць?

— Я карову выганяла. Вунь жа гаспадар вас частуе.

— Гаспадар? Што ён умее? Ён і курыцу не пашчупае, твой гаспадар. А гасцям трэба гарэлкі! Закусь харошая трэба!

— Што яшчэ?

— Закусь, кажу, харошая. Для прадстаўнікоў германскай улады!

— Даўно вы такія прадстаўнікі? — з унутранай нястрымнасцю ўспыхнула Сцепаніда, і Пятрок адчуў, што зараз здарыцца непапраўнае.

— Баба, маўчы! — крыкнуў ён. — Маўчы! Ладзь яешню! Чуеш прыказ мой? Яешню!

Гуж нядобра зарагатаў на ягоны выпад. Сцепаніда моўчкі павярнулася і выйшла за парог. Дзверы за ёй засталіся расчыненыя, і Каландзёнак зачыніў іх, стоячы ўсё там, ля парога.

— Во бачыў? — сур'ёзна зазначыў Гуж Петраку. — Знаеш, што немцы з такімі робяць?

— Ну чуў… Але гэта…

— Вешаюць! Вешаюць на тэлефонных слупах! — прыстукнуў ён цяжкім кулаком па стале. Пахаладнеўшы нутром, Пятрок глыбей уцягнуў галаву ў плечы, паліцай, мусіць, заўважыў гэта і задаволена адкінуўся да сцяны.

— Ды яна так, не са злосці, — паспрабаваў апраўдаць жонку Пятрок.

— Ад чаго ж тады? Скажаш, ад добрасці? Камуністка яна, — аб'явіў раптам Гуж.

— Ды не… Яна языком толькі.

— Во-во, языкатая, — нядобра пагадзіўся Гуж. — Не выдралі яшчэ. Дык выдзеруць. У немцаў гэта раз-два.

Пятрок не ведаў ужо, што сказаць, каб як бараніць жонку, якую вельмі хутка нават маглі загубіць гэтыя двое. Сама яна не паберажэцца — скарэй наадварот. Але Гуж нечакана абвясціў: