Читать «Круглянскі мост» онлайн - страница 47

Васіль Быкаў

Некалькі хвілін ён цяжка, зморана соп, распластаўшыся на амаль голай тут, не зарослай яшчэ травою, чорнай зямлі, і ва ўсе вочы глядзеў на дарогу.

Самае найгоршае, здаецца, мінула: ён падабраўся да моста і, мабыць, яго не заўважылі. Праўда, за вярсту адсюль ён незнарок наткнуўся на нейкага дзядзьку ля рэчкі — па той бок, мабыць, была сцяжына: неспадзеўкі з-за хмызняку выткнуўся чалавек у шэрай суконнай паддзёўцы, з пугаўём у руцэ. Раздзеленыя нешырокай рачулкай, яны спаткаліся позіркамі, абодва трохі схамянуліся ад нечаканасці, але Сцёпка хуценька і моўчкі праскочыў міма і схаваўся ў радкаватым прыбярэжным кустоўі. Чалавек таксама ні пра што не спытаўся, толькі зацяў у сабе здзіўленне, ці, можа, і спалох, і памалу пайшоў па беразе рачное крывуліны. Мабыць, трэба было б прасачыць за ім, ды не было калі — Сцёпка і так баяўся спазніцца з выхадам да моста і, як апантаны, імкнуўся наперад, хоць і адчуваў, што ў такой спешцы надта проста было дастукацца бяды. Пакуль жа, аднак, усё абышлося: яго не затрымалі, ззаду нікога не было відаць.

Да моста адсюль было так блізка, што аж рабілася страшна. Ён ужо мог крамсануць па ім з аўтамата, хоць, вядома, цяпер лепш было мець вінтоўку: з яе куды зручней было зняць вартавога, які між тым лена сноўдаўся сюды-туды між парэнчаў. На сярэдзіне ненадоўга спыніўся, паглядзеў уніз, плюнуў і з блазенскай цікаўнасцю прасачыў, як плявок плюхнуўся ў ваду. На плячы ў паліцая вісеў нямецкі карабін, які ён раз-пораз папраўляў аберуч. Калі паліцай адварочваўся, Сцёпка бачыў яго вузкаватую спіну ў цеснай чорнай куртцы і светлую стрыжаную патыліцу пад чорнай, з кантам пілоткай — быў ён гліставаты, малады — мабыць, не надта старэйшы за Сцёпку. Гэтага вартавога хлопец угледзеў яшчэ здалёк, з кустоўя, і падумаў спярша, што ён тут адзін. Але потым да алешнічку данеслася ціхая гамана на дарозе, аднойчы нават пачуўся лязгат рыдлёўкі аб камень ці жалезку: мабыць, у тым канцы моста акрай насыпу нешта капалі. Сцёпку адсюль не было відаць, колькі іх там, ён чуў толькі скупыя абрыўкі размовы, часам невысока па-над дарогай узлятала зямля. Праз нейкі час з-за насыпу на дарогу вылез распрануты да пояса паліцай у зялёных штанах і чорнай пілотцы. Ён недалёка пратупаў узбочынай, нагнуўшыся, нешта падняў з долу і зноў пайшоў сабе туды, дзе капалі.

Сцёпка здорава ўгрэўся, пакуль бег, але цяпер, заняты ўвагай да моста, не здагадаўся нават расшпіліць гузікі ды зняць шапку. Трохі спачыўшы ў засені, ён зразумеў, што, мабыць, давядзецца паляжаць тут доўга: на дарозе ў сасонніку яшчэ нікога не было відаць. Затое з боку мястэчка неўзабаве паказалася нейкая фурманка, якая хутка каціла дарогай да моста. Яшчэ праз нядоўгі час стала відаць, што гэта брычка; запрэжаны ў яе ладны буланы конік рухава кідаў капытамі, наравіста выгінаючы прыгожую, з коратка падстрыжанай грывай шыю. Сцёпка сцяміў, што гэта хтосьці з начальства. Сапраўды, хутка брычка ненадоўга спынілася каля тых, што капалі, там жа апынуўся і вартавы; не злазячы з сядзення, чалавек у шэрым паліто нешта загаманіў, другі, з лейцамі ў руках, сядзеў ля яго моўчкі. Неўзабаве, аднак, ён заварушыўся, гукнуў на каня, і брычка з ціхім стукатам пакацілася па дашчаным насціле моста.