Читать «Круглянскі мост» онлайн - страница 31

Васіль Быкаў

— Кось-кось, — ласкавым шэптам паклікаў Сцёпка і выцяг руку, нібы ў ёй было што смачнае. Потым гэтаю ж рукой ён намацаў у доле вяроўку і кароценькі калок, убіты ў пожню, які тут жа, натужыўшыся, выдзер. Цяпер трэба было, не спудзіўшы каня, узлезці на яго.

Сцёпка закінуў за спіну аўтамат і, перабіраючы ў руках вяроўку, памалу пацягнуў за аброць. Конь выцяг морду, але не пайшоў. Тады Сцёпка сам пайшоў да яго, трымаючыся за вяроўку, але яшчэ не дайшоў, як конь раптам коратка і пужліва заржаў.

Сцёпка другі раз скалануўся і вылаяўся, злосна тузануў за аброць. Ён падышоў ужо ўпрытык і рукой ухапіўся за мокры цвёрды хрыбет, ды конь крутануўся задам, не даючыся.

— Ах ты, падла! — сцішана вырвалася ў хлопца злосна-роспачнае, як праклён. Не выпускаючы вяроўкі, ён ужо болей рашуча аберуч ухапіўся за хрыбеціну, але скочыць зноў не паспеў — конь матлянуўся ўбок.

І тады ззаду ён пачуў глухаватыя, як удары ў зямлю, штуршкі нечых крокаў.

— Хто гэта? — пачулася страхавіта-пагрозлівае. — Што ты робіш?

Сцёпка адскочыў ад каня, але вяроўкі не выпусціў, толькі правай рукой за ствол саўгануў з-за спіны аўтамат. Тут жа ён зразумеў, што аўтамата можна было не чапаць — да яго бег нехта адзін: невялічкі, у расхрыстанай адзежыне чалавек, босы, як гэта ён адразу пазнаў у змроку па тонкіх, з падкасанымі штанамі нагах. Не адказваючы, Сцёпка счакаў, пакуль той, запаволіўшы бег, нерашуча падыходзіў да яго.

— Куды вы бераце? Гэта мой конь.

Па голасе Сцёпка канчаткова ўпэўніўся, што гэта падлетак, і зноў адчуў сябе амаль спакойным і ўпэўненым. Ён падумаў, што зблізку выгляд яго і асабліва зброя дадуць хлопцу ўсё зразумець без роспытаў.

— А ты хто? Ану, падыдзі бліжэй!

Хлопец не дужа рашуча падышоў і спыніўся трошкі воддаль, ва ўсёй сваёй постаці тоячы боязь і недавер. Конь з высока ўзнятай галавой уважліва глядзеў на гаспадара, нібы не цямячы, што тут адбываецца.

— Гэта мой конь. Не бярыце, дзядзька, майго каня.

Сцёпка пацяг за вяроўку, конь нехаця пераступіў, і ён падышоў бліжэй да хлопца.

— Дзе калёсы?

— Калёсы? Дома.

— А дом дзе?

— Дом? Ды вунь за аселіцай.

— А хто дома ёсць?

— Дома мама і бабка.

— А паліцаі ў вас ёсць?

— Ну, ёсць…

Хлопец, мусіць, нешта ўжо зразумеў і ціха стаяў у намоклым, з чужога пляча пінжачку, пакорліва чакаючы ягоных пытанняў. Сцёпка, аднак, падумаў, што калёсы, мабыць, не прыйдзецца браць — як-небудзь абыдуцца канём, а то налезеш яшчэ на паліцыю. Паглядзеўшы, куды паказваў хлопец, Сцёпка здагадаўся, што тая чорная града непадалёк, якая здалася яму лесам, была вёска, дрэвы, сады: на краі ўгадвалася шэрая святлявая пляма — мусіць, новая страха нейкай будыніны.

— Каня аддамо, — сказаў ён. — Праз пару дзён толькі.

Хлопец, аднак, бадай зусім ужо асмялеў і, ступіўшы на крок бліжэй, запярэчыў:

— Дык нельга мне без каня. Я малако важу.

— Ну, знаеш! Ты малако возіш, а нам трэба чалавека ратаваць. Ану, падзяржы свайго злыдня!

— Ды не бярыце, дзядзька, далібог, не хлушу: неяк мне без каня! — запрасіўся хлопец, аднак узяў каня за аброць і прытрымаў.