Читать «Круглянскі мост» онлайн - страница 29

Васіль Быкаў

— Запалкі ж былі. Пасвяціць?

— Трымай.

Сцёпка ўзяў канец павязкі, а Даніла пачаў абмацваць мокрыя кішэні параненага, якія, як, зрэшты, і ва ўсіх, былі туга напханы рознай драбязой. Цяпер, выцягваючы адтуль, што трапляла пад рукі, Даніла пералічваў:

— Нож. Анучка нейкая. Кніжка ці блакнот…

— Дай сюды, — працягнуў руку Брытвін.

— Патроны. Скрутак дроту… Аловак ці не — запал бытта. Наце, паглядзіце там.

Брытвін без асаблівай цікаўнасці ўзяў у яго нешта і, абмацаўшы, адразу вызначыў:

— Бікфордаў шнур, а не дрот. І ўзрывальнік быццам. Ну да, узрывальнік. Толькі ўзрываць нечага.

— А во запалкі.

— Нашто табе тыя запалкі? — раздражнена загаманіў Брытвін і ўстаў. — Ты што, будзеш яму аперацыю рабіць? Падводу трэба шукаць!

Даніла на момант, мабыць, збянтэжыўся ад гэтага амаль начальніцкага вокрыку і няўцямна павярнуў голаў да невыразнае ў змроку постаці былога ротнага. Неяк так атрымлівалася, што той цяпер браў над імі двума старшынство, хоць аб гэтым яшчэ і не было ніякай гаворкі.

— Падвода, кажу, трэба. Не можам жа мы тут сядзець, пакуль паліцаі налезуць. Вёска далёка?

Даніла агледзеў змрочныя лясныя схілы, нібы там можна было што ўбачыць.

— Валатоўка тут недалёка бытта. І хутары. Хутары, мабыць, бліжэй.

— Дзе, у які бок?

Даніла няпэўна тыцнуў рукой у цемру.

— Ось бытта туды, як па рове. Трошкі, можа, лявей.

— Так! — прыкінуў Брытвін. — Ты, як фамілія?

Сцёпка не адразу і зразумеў, што гэта звяртаюцца да яго, але Даніла ахвотна падказаў:

— Тоўкач яго.

— Ану, Тоўкач, марш за падводай. Інакш твой Маслакоў у пяць хвілін дуба дасць. Паняў?

Сцёпка хуценька ўстаў, адчуваючы, што гэта праўда. Тое, што яго пасылалі немаведама куды, у ноч, цяпер не крыўдзіла, хоць спярша ён і адчуў маленькае недаўменне: чаму не Данілу, які тут ведаў усе хады-выхады. Але, бадай, Даніла патрэбны быў ля параненага, зноў жа — ён столькі валок яго цераз лес. Падабраўшы з долу аўтамат, Сцяпан устаў і палез у мокрае кустоўе.

З вецця лілося, ён аж асцерагаўся яго чапаць, хоць і без таго даўно ўжо намок. На схіле ў мокрай траве было слізка, хлопец некалькі разоў упаў і ўрэшце сышоў ніжэй, да ручая. Тут, аднак, было не лягчэй. Ён доўга прабіраўся праз мокрыя травяныя зараснікі, абышоў прагаліну, заваленую сухім ламаччам. У дашчэнту змакрэлых ягоных ботах надакучліва чвякала, ануча збілася на пяту і муляла, жорсткія калівы папараці рэзалі голыя пальцы. Але ён, не спыняючыся, таропка прадзіраўся ў кустоўі і толькі думаў, каб не заблудзіць, не прыпазніцца, знайсці падводу, якую чорт ведае дзе і шукаць. Найперш трэба было знайсці вёску. Праўда, ён не першы раз ужо хадзіў па начы і трохі ўмеў арыентавацца, у асноўным па формах рэльефу: адкладваў у памяці ўвесь шлях — дзе ўніз, дзе ўгору, дзе касагор або балацявінка. І ўсе павароты таксама.

Праз нейкі час лясное кустоўе абапал асела ніжэй, угары шырэй разлеглася шараватая святлявасць неба, на якім у дзвюх-трох мясцінах слаба бліснула некалькі зорак, — роў аставаўся ззаду. З ім неўзабаве скончыліся і зараснікі, хлопец апынуўся на лужку, а ўзяўшы правей, вылез па касагоры на ўзгорак. Ісці стала лягчэй, мокрыя боты роўна шорхалі ў рослай густаватай азіміне, наперадзе высіліся нейкія бялявыя купкі — здавалася, людзі. Але людзей тут не магло быць, то цвілі грушы-дзічкі. І тым не менш Сцёпка міжвольна браў стараной, далей ад іх — страх не страх, а нейкая інстынктыўная засцярожлівасць прымушала яго паводзіць сябе тут надзвычай чуйна. Праўда, ён зусім не ведаў, куды ісці, і часам лавіў сябе на тым, што паварочвае то ўправа, то ўлева — самае горшае без дарогі. Так можна круціць да ранку і нават зноў выйсці да рова.