Читать «Круглянскі мост» онлайн - страница 30

Васіль Быкаў

Але вось шорхат азіміны пад нагамі сціх, і ён апынуўся на чымсь голым і цвёрдым, не адразу зразумеўшы, што гэта дарога. Тады ён паглядзеў у адзін яе канец, у другі — дарога пралегла якраз упоперак ягонаму кірунку, а ў які бок было лепш павярнуць, ён не ведаў. Прайшоў дзесятак крокаў улева, падумаў і вярнуўся ўправа, увесь час напружана ўзіраючыся ў прыцьмелую далячынь, у якой была няпэўнасць і нешта загадкава-страхавітае.

Дарогай ён ішоў, мабыць, доўга, думаючы, што нарэшце павінна ж яна прывесці ў вёску. Трапіць на вясковую вуліцу ў яго не было намеру — там варта, мужыкі і паліцаі; хто ведае, як паставяцца яны да незнаёмага начнога прыблуды. Лепш зайсці з гарода ў які двор. Праўда, цяпер у яго аўтамат — новенькі, з лакіраванай ложай ППШ, з якім можна пастаяць за сябе, — гэта не вінтоўка ўзору 1891 года. Але ўсё ж лепш асцярожна. Неасцярога ім надта дорага абышлася сёння.

Наперадзе, аднак, зноў, здаецца, чакаў яго лес — нагрувашчаная чарната няроўнай паласой зусім затуліла і без таго азмрочаны краявід. Сцёпка прыцішыў крок, аўтамат перасунуў на плячы пад паху, гатовы кожную секунду рвануць кароценькую ручку затвора. Але ён яшчэ не дайшоў да гэтае чарады дрэў, як учуў збоч нібыта знаёмы, хоць адразу і не зразуметы ім глухі стук аб зямлю. Хлопец стаў і тады, выразней пачуўшы ўдары, здагадаўся, што гэта забівалі кол. Так, мусіць, кол, ды яшчэ калі камянём — некалькі цяжкаватых тугіх удараў аддалося ў зямлі. Сцёпка падумаў, што б гэта магло значыць, і пасля, абнадзеены, нясмела яшчэ ўзрадаваўся.

Ён збег з дарогі і паціху, ледзь не крадком, падыбаў на гэты стук, які, аднак, тут жа сціх. Тады Сцёпка прысеў, знізу ўгору агледзеў святлявы край неба — паблізу нічога падазронага не было відаць. Мякка, амаль нячутна ступаючы па пожні, ён прайшоў яшчэ крокаў дзвесце і зноў, прыгнуўшыся, агледзеўся. Зноў нічога навокал не было відаць, толькі зводдаль шырока чарнела куп'ё лазняку, між якога тырчалі ўгору рэдкія дрэўцы алешын. Тым часам трава ў доле пабольшала, стала мякчэй, пад ботамі мокра зачвякала — мусіць, пачыналася забалаць. Ён ужо хацеў быў павярнуць у абход, як зусім побач — так блізка, што ён ажно скалануўся, знянацку ўбачыўшы, — быў конь. Пачуўшы хлопца, конь трывожліва махнуў галавой і сціх, а Сцёпка прыпыніўся, прысеў, зірнуў сюды-туды, але блізка, здаецца, нікога не было. Асцярожліва, каб не спудзіць жывёліну, ён пайшоў да каня.

Конь па-ранейшаму ціха стаяў з цікаўнай страхавітасцю, завярнуўшы галаву ў яго бок, і, відаць па ўсім, недаўменна чакаў яго набліжэння.