Читать «Круглянскі мост» онлайн - страница 28

Васіль Быкаў

— Так! Пасля… Давайце бярэм! Панеслі…

Яны ўдвух зграблі з-пад яго рук Маслакова, Даніла моўчкі прысеў і натужыўся, пераняў яго на сваю спіну і крута павярнуў у цёмны гушчар сасонніку.

Воддаль на дарозе тым часам пачуўся рух, прыцішаныя адлегласцю галасы, штось стукнула на мосце, і па насціле глуха затопалі конскія капыты. Сцяпан устаў, згроб з долу аўтамат, вінтоўку і зноў ледзь не заплакаў ад крыўды і вострага ўсведамлення няўдачы.

9

Яны бясконца доўга прадзіраліся ў цемры праз мокры хмызняк, пасля натрапілі былі на сцяжынку, але хутка згубілі яе ў лесе, перайшлі змрочны, шумлівы на ветры ельнік і апынуліся ў нейкім чорным праваллі — яры. Даніла, які ўвесь час цярпліва валок на сабе Маслакова, у цемры паслізнуўся на мокрай траве, упаў і склаў з сябе цела параненага.

— Годзе! Уходаўся…

— Ладна, — спыніўся наперадзе Брытвін. — Адпачнём.

Ён падышоў бліжэй і таксама апусціўся долу на нешырокай травяністай прагаліне сярод кустояў. Недзе побач, унізе, чутно было, бурчаў-гаманіў ручай, неба ўгары нядобра чарнела, але дождж сціх. Скрозь стаяла лясная ціхмань, глушэча, адно з галля наўкола шапотка падалі сцюдзёныя кроплі. Людзям, аднак, было цёпла, нават горача пасля імпэтнай хады па лесе.

Пакуль Даніла аддыхваўся, Сцёпка перш-наперш абмацаў у доле ўсё яшчэ непрытомнага Маслакова. На шчасце, той быў жывы, сэрца яго, чуваць было, торгала слабымі няроўнымі штуршкамі. У грудзях, калі прыслухацца, штось булькатала-хлюпала, і гэта палохала хлопца — здавалася, Маслакоў памірае. Павязка з сарочкі, як-колечы зробленая імі ў дарозе, перакруцілася, спаўзла на жывот. Удвух з Данілам яны пачалі папраўляць яе. Зводдаль, згорбіўшыся, апанурана сядзеў Брытвін.

— А каністра дзе? — спахапіўшыся, запытаў ён.

— На дарозе, — буркнуў Сцёпка.

Брытвін памаўчаў і сказаў са злоснай іроніяй:

— Падпалілі, называецца!

Сцёпка з Данілам маўкліва поркаліся над параненым.

— Здаецца, вопытны падрыўнік, а такога цюху-мацюху ўпароць!

Даніла аслабіў канцы ўшчэнт скрываўленага кавалка сарочкі, Сцёпка прытрымліваў іх і, амаль глытаючы слёзы ад жалю па Маслакову, не мог запярэчыць Брытвіну. Як ён ні быў настроены супроць яго, але мусіў цяпер прызнаць, што Брытвін казаў праўду. Хоць, вядома, пасля бяды, калі было позна штосьці паправіць, кожны станавіўся разумнейшы; а тады хто ведаў, што паліцаі ўсё ж выставяць варту? І тым не менш былая яго непрыязнасць да ротнага сама па сабе меншала, зрэшты, як і да Данілы: мінулыя крыўды сталі цяпер драбязой перад тым няшчасцем, якое напаткала Маслакова.

— Што тут у яго робіцца! — бурчаў Даніла, поркаючыся пад загорнутай мокрай кашуляй.

Ноч наогул была цёмная, без месяца, а ў гэтай лясной яме дык і пад носам нічога нельга было разабраць. Каб хоць пасвяціць чым, агледзець рану, а то першы раз перавязалі навобмацак і цяпер таксама. Так нядоўга і сплысці крывёй. Сцёпка, аднак, успомніў, што ў Маслакова недзе былі запалкі.