Читать «Круглянскі мост» онлайн - страница 19

Васіль Быкаў

У мяне ўсё нутро пахаладзела — што ўдумалі, гады! Чую, і камбрыг варухнуўся, напружыўся. А на падворку лямант, крык. Так і ёсць: у самую малую, самую крайнюю ў шэрагу. А праз крык — усё той жа голас: «Не скажаш — тады следуюшчага!» Пасля расказвалі: падскочыў да хлапчука — і пісталет у лоб. А што яму — застрэліў бы і яго, і ўсіх. Хіба шкада, абы выслужыцца. Тым болей калі такая здабыча — камбрыг.

І што думаеце? Камбрыг падхопліваецца, развярнуў ботам баразну — на сцежку. А ляжаў ён трохі за лазняй; як уставаў — з падворка, мусіць, не відно было. І са сцежкі як крыкне: «Стой, варвары!» Мы сцяліся ў бульбе — ну, думаю, усё прапала. А ён гэтак рашуча проста на іх. Паліцаі — казалі пасля — ажно разбегліся з перапуду: хто за дровы, хто ў хлеў, а той крыкун з пісталетам хуценька на калена і пісталет на руку. Ну, у самы акурат як да вайны ў Асаавіяхіме вучылі. А камбрыг: «Завошта дзіцёнка, ірады? Я камбрыг, бярыце!»

Ну, і ўзялі.

Узялі ды зноў кінуліся да лазні — чалавек пяць. І туды, і сюды, але нідзе нікога. Камбрыг кажа: «Дарма стараецеся. Астатнія ўжо ў лесе!» Паверылі. Як не паверыць, калі чалавек на такое пайшоў. І што думаеце: усіх разагналі прыкладамі; дзеда, праўда, таксама забралі, але праз тыдзень выпусцілі. Дзяўчынку пахавалі. А камбрыг, казалі, ім такое ў лепельскім СД устроіў, што там жа і расстралялі. Нават і адпраўляць нікуды не сталі.

— Да, — сказаў Брытвін. — Сердабольны надта. А калі б яны і яго ўзялі і сям'ю не адпусцілі? Тады як?

— Знаеш, — падумаўшы, сказаў Маслакоў. — Тут дзела совесці. Аднаму хоць увесь свет у тартарары, абы самому выжыць. А другому — каб па совесці было. Мусіць, сваю віну чуў перад гэтымі людзьмі. Фактычна ж яго гімнасцёрку знайшлі на печы.

— Гімнасцёрку! Што гімнасцёрка, — нязгодна зазначыў Брытвін, відаць, маючы ў думках нешта сваё.

7

Рэшту дарогі, добра прытаміўшыся, ішлі ўскрай параснічку. Праз негусты хмызняк раз за разам праглядвала шырокая роўнядзь поплаву, са сцішанай радасцю зазелянелага першай вясновай травой. Там недзе, крывуляючы між дрыгвістых берагоў, цякла рэчка Круглянка. Яе, аднак, не было відаць, затое Кругляны паказаліся яшчэ здалёк, выцягшы доўгі рад шэрых дахаў на пагорку з дарогай. Каб трапіць да моста, трэба было зайсці з другога боку, і Маслакоў, параіўшыся з Данілам, крута ўзяў па расцяробе ўгору, у абход. Цяпер яны ўдвох ішлі наперадзе, каністру ж зноў неслі па адным — у хмыззі з палкай было не вывернуцца — паднёс крыху Брытвін, і апошняму яна зноў дасталася Сцёпку.