Читать «Круглянскі мост» онлайн - страница 18

Васіль Быкаў

У Брытвіна гарэла, яны зноў спыніліся пад навіслымі над дарогай яловымі лапамі. Маслакоў прыкурыў, зацягнуўся і змоўк. Астатнія таксама маўчалі. З нейкага часу Брытвін перастаў устаўляць рэплікі: пафас расказу ўсё больш завастраў увагу.

— Вось так, — заклапочана, амаль журботна перажываючы ўспаміны, загаварыў далей Маслакоў. — Ранічкай цішыня, усе гукі наверсе; выглянуць нельга, а так чутно далёка. Не паспеў, мусіць, дзед ткнуцца на падворак, як там ужо немцы. Чуем: крыкі, пагрозы, бабы ў плач. Мы слухаем: у чым справа — так проста наскочылі ці нас шукаюць? Няўжо хто прадаў? Вядома, якія б харошыя людзі ні былі, а падлюга між іх заўжды знойдзецца. Як пасля ўведалі, баба адна. Злая была за нешта на дзедавых жанчын, ну, і збегала праз ноч у мястэчка, прывяла фельджандараў — канты на пагонах кручаныя такія.

А тут, як на бяду, камбрыг паварочвае голаў і шэпча: «Гімнасцёрка ў хаце». Я ледзь не самлеў, але так і ёсць: камбрыг ахінуты палаткай, а гімнасцёрка ў хаце. Як вячэралі, цётка на печ паклала, каб да ранку падсохла. Падсушыла, на сваю галаву.

Ну, гімнасцёрку хутка знайшлі, і хоць у ёй нічога не было — камбрыг дакументы, вядома, пераклаў, — змікіцілі, мабыць, на каго натрапілі. Адкуль уведалі, чорт іх знае. Хіба знакі ад ромбаў засталіся. Ромбы тыя камбрыг даўно зняў, але калі прыгледзецца, дык месца пад імі бы намулянае трохі. Ну, і ўзяліся.

Перавярнулі ўсю хату, хлеўчукі, свіронак; з паўгадзіны мы слухалі, як яны там грукочуць, крычаць, нешта кідаюць, ламаюць. Двое зусім блізенька пратупалі да лазні, але там дзверы насцеж, пуста. Паспрабуй здагадайся, што мы за дваццаць крокаў у бульбе ляжым, як вужы, у барознах. Думаюць: пэўна, у схове якім адмысловым. Шукаюць сховаў.

За гадзіны дзве ўсё перавярнулі — ні шыша. Дзед адпіраўся, аднекваўся, а як гімнасцёрку знайшлі — змоўк. Крычаць: «Кажы, куды бандытаў схаваў, інакш усіх прыканаем і хату дымам пусцім!» А дзед пакорліва гэтак адказвае: «Воля ваша. Вы — сіла».

Ля дарогі з лесу выглянула палянка — даўгаватая зялёная лугавіна з пачарнелым стажком наводдаль. Маслакоў прымоўк, спыніўся, бегла агледзеўся, і яны хуткім крокам прайшлі яе, аж пакуль не схаваліся ў дрэвах. Усе ўжо дакурылі, толькі камандзір сціскаў у пальцах акурак, які, відаць, даўно не гарэў.

— Зноў патух! Што такое?

— Кажуць — жонка гуляе, — сказаў Брытвін.

— Да жонкі дажыць трэба.

На хаду камандзір сунуў недакурак за вуха шапкі. Яны цяпер ішлі ўсе разам. Поруч з Брытвіным Маслакоў выглядаў маладзейшым, але быў вышэй за яго ды і шырэй у плячах, рухі яго былі лёгкія і стрымана-нетаропкія, як у кожнага дужага і ўпэўненага ў сабе чалавека.

— Вось, значыць, ляжым, я неяк адным вокам зірнуў праз каліўе — выстраілі іх усіх перад хлеўчуком у шэраг: дзеда, старую, абедзвюх маладзіц і дзяцей — хлопчыка і дзвюх дзяўчынак. Бабы галосяць: яны-то не ведаюць, куды мы з лазні шаснулі, адзін дзед ведае. А дзед маўчыць. Тады паліцаі да баб: «Дзе бандыты?» Бабы праз плач: «А паночкі, даражэнькія, хіба мы ведаем? Былі і пайшлі, мы не глядзелі куды». — «Ах, не глядзелі? А схоў дзе?» — «Няма ніякага схову, хоць забіце — няма». — «Забіце! — кажа адзін. Паліцай, мусіць: чутно, па-тутэйшаму гаворыць. А можа, перакладчык — з баразны не разабраць. — Не, мы спярша вашых шчанюкоў заб'ём». І тут — трах!