Читать «Круглянскі мост» онлайн - страница 9

Васіль Быкаў

— Дымок, дымок рабіць будзем, — жартоўна загаманіў камандзір групы. — Думаў, грукнем — нічога не выйшла. Будзем дыміць.

Яны ўсе пахмурна глядзелі на каністру: Даніла і Сцяпан — пастаўшы ля яе, а Брытвін — маўкліва седзячы на сваім месцы. Вядома, усе з прыкрасцю разумелі, што выходзіла горш, чым меркавалася: бензін — не тол; як бы там ні выпадала, паліць заўжды горш, чым узрываць.

— Дык мы што? Хіба не на чыгунку? — стрымана запытаў Брытвін, пазіраючы некуды ў дол, на камандзіравы боты.

Маслакоў з жартоўнаю жвавасцю ў вачах агледзеў сваіх падначаленых.

— Не, не на чыгунку. У другі бок. На Кругляны.

— На Кругляны. А хто табе групу камплектаваў?

— А што — кепская група? Сам падбіраў.

Брытвін устаў і падышоў бліжэй. Потым з нейкаю замаруджанай важнасцю павярнуўся да Сцёпкі.

— А таго таксама сам выбраў?

— Каго? Тоўкача? А што, кепскі падрыўнік?

Брытвін спадылба выпрабавальна і настойліва глядзеў на камандзіра.

— Дзе ж гэта ён падрываў? На кухні?

— Якое вам дзела? — не стрываўшы, агрызнуўся Сцяпан. — Падумаеш, начальнік знайшоўся!

— Ціха!

Маслакоў, мабыць, толькі цяпер зразумеў нешта. З ягонага твару сышла ўсмешка, без якое рысы яго зрабіліся рэзкія, амаль жорсткія.

— Каго браў — мая справа, — сказаў ён. — Хто заслужваў.

— Заслужваў! Ты паглядзі, якая ў яго вінтоўка, — кіўнуў галавой Брытвін.

Маслакоў павярнуўся да Сцёпкі.

— Ану, дай сюды.

Сцяпан падаў вінтоўку, Маслакоў адкрыў і закрыў затвор, спусціў курок. Строга зірнуў на хлопца.

— У чым справа?

— Ды мушка трохі ківаецца, — знарок, як аб дробязі, скорагаворкай адказаў Сцёпка і прыкусіў губу. Пакуль Маслакоў аглядаў і абмацваў мушку, хлопец усё болей панурыўся і з нянавісцю думаў пра Брытвіна. Ці ён быў вінаваты, што Кляпец уручыў яму гэту ламачыну? Ці яму самому не хацелася мець добрую зброю? З асаблівым шкадаваннем ён успомніў свой ладны трафейны аўтамацік, які ў яго забралі, калі пераводзілі ў гаспадарчы ўзвод.

Маслакоў узняў позірк на хлопца.

— Закярніць не мог, да?

— Дык не было чым.

— Цяпер некалі — на перакуры напомніш. Сам замацую. Астатняе ў парадку?

— У парадку, — паспешліва адказаў Сцёпка.

Маслакоў яшчэ зірнуў на яго тонкую постаць, перацятую дзяжкай, даўжэй затрымаў позірк на завязаным дротам боце, але не сказаў нічога.

— Трымай!

Сцёпка на ляту ледзьве ўхапіў кінутую яму вінтоўку і з палёгкай уздыхнуў. Напружанне яго расслабілася, галоўнае абышлося — яго не прагналі; астатняе для хлопца ўжо не мела вялікага сэнсу.

— Так. Тады шагам марш! — сказаў Маслакоў да астатніх. — Каністру панясём па чарзе. Хто першы?

Першага, аднак, не знаходзілася, каністра стаяла ў доле, над ёй, чакаючы ахвотніка, стаяў Маслакоў. Брытвін, па яго, мабыць, старой звычцы, адышоўся воддаль з такім выглядам, нібы яго тут нічога не датычыла. Даніла чамусьці глядзеў у лес — бы і не чуў, што сказаў камандзір. Тады Сцёпка з гняўлівай зацятасцю ступіў крок наперад і ўзяўся за гнутую металічную ручку каністры.

— Да-а, — няпэўна прамовіў Маслакоў і кораценька ўздыхнуў. — Ладна, пачынай, Тоўкач.

4

Пачынаць было не так ужо і цяжка — з гадзіну Сцёпка, мяняючы рукі, нёс каністру. Закінутая лесавая дарожка вілася спярша ў змрочным, замшэлым ельніку, пасля папаўзла нізінай, альховым хмызняком, расцяробамі. Цераз чорны, гразкі тарфянік хлопцы нядоўга абходзілі хлюпкае, з талай вадой балота, на якім у кустоўі нясмела яшчэ зелянелі кволыя зубчыкі вясновай травы.