Читать «Рускія народныя казкі» онлайн - страница 81

Леў Мікалаевіч Талстой

А поп яму кажа:

— Ты гэткі здаровы, малады, а ходзіш жабруеш. Наймайся лепш, голубе, да мяне ў парабкі.

— Можна. А колькі дасі?

— Буду плаціць гледзячы па тваёй рабоце.

I сказаў мужыку цану. А паколькі тады быў якраз сенакос, дык поп накарміў яго і павёў на луг паказваць сваю сенажаць. Парабак агледзеў усё, а як поп пайшоў, лёг на траву і праспаў увесь дзень да вечара.

Кожны дзень мужык-жартаўнік хадзіў на сенажаць, і поп заўсёды даваў яму з сабою хлеба і сала. I вось аднойчы батрак кажа:

— Больш я ў цябе працаваць не буду, давай мне разлік. Траву я ў цябе ўсю скасіў да апошняй травінкі.

Даў яму поп усяго некалькі капеек. Парабак застаўся незадаволены і кажа:

— Дай яшчэ хоць кусок сала.

Але поп наадрэз адмовіўся:

— Я і так табе пераплаціў, даў больш, чым абяцаў.

— Ну, калі ты мне не дасі сала,— сказаў парабак,— дык няхай уся твая траўка назад устане як някошаная!

I паехаў. А поп пайшоў на луг, паглядзеў і здзівіўся:

«Гэта не звычайны батрак, а вядзьмак: і праўда, стаіць трава як някошаная».

ЦАРКОЎНАЯ СЛУЖБА

Кажа поп у царкве дыякану:

— Дыякан, дыякан, паглядзі ў акенца, ці не ідзе хто, ці не нясе чаго?

— Баба ідзе, збанок масла нясе!— адказвае дыякан.

А дзячок спявае:

— Падай, госпадзі!

Поп зноў:

— Дыякан, дыякан, паглядзі ў акенца, ці не ідзе хто, ці не нясе чаго?

— Баба ідзе, мех жыта нясе! — адказвае дыякан.

Дзячок зноў спявае:

— Падай, госпадзі!

Поп зноў кажа:

— Дыякан, дыякан, паглядзі ў акенца, ці не ідзе хто, ці не нясе чаго?

— Ідзе мужык, нясе дубіну на папоўскую спіну!—адказвае дыякан.

Тут поп і дзячок як заспяваюць:

— Табе, госпадзі!

ПАН-КАВАЛЬ

Пазайздросціў адзін пан кавалю: «Жывеш-жывеш, яшчэ калі той ураджай будзе і грошай дачакаешся, а каваль малатком стук-грук — і з грашамі. Давай кузню завяду!»

Абзавёўся пан кузняй, загадаў лёкаю мяхі раздзімаць. Стаіць, чакае заказчыкаў. Едзе міма мужык, шыны заказаць хоча на ўсе чатыры колы.

— Гэй, стой! Заязджай сюды! — гукнуў пан.

Мужык пад'ехаў.

— Што табе?

— Ды вось, пане, шыны трэба на ўсе колы.

— Добра, зараз, пачакай!

— А колькі будзе каштаваць?

— Паўтараста рублёў трэба было б узяць, ну ды каб народ прывабіць, вазьму ўсяго сто.

— Згода.

Пачаў пан агонь распальваць, лёкай — мяхі раздзімаць.

Узяў пан жалеза, давай яго каваць, а каваць жа не ўмее — каваў, каваў, ды і перапаліў жалеза.

— Ну,— кажа,— мужычок, не выйдзе табе не тое што на ўсе калёсы, а не хопіць нават на перадок, толькі выкую адзін шынок1.

— Адзін дык адзін,— згадзіўся мужык.

Каваў, каваў пан і кажа:

— Не выйдзе, мужычок, і адзін шынок, а можа, выйдзе, мо не выйдзе сашнічок.

— Ну добра, хоць сашнічок,— адказвае мужык. Пастукаў, пагрукаў пан малатком, яшчэ жалеза сапсаваў шмат і кажа:

— Ну, мужычок, не выйдзе і сашнічок, а можа, выйдзе, мо не выйдзе цвічок.

— Ну хоць цвічок!

Ды ў пана і на яго жалеза не хапіла: усё перапаліў.

— Ну, мужычок,— кажа пан,— не выйдзе і цвічок! Выйшаў у пана адзін «пшык»: сунуў ён у ваду кавалачак распаленага жалеза, што засталося, яно і зашыпела— «пшык!».

1 Шынок — тут: шына, жалезны абруч на кола.

БАЛБАТЛІВАЯ БАБА