Читать «Рускія народныя казкі» онлайн - страница 83

Леў Мікалаевіч Талстой

— Вой, не кажыце, ноч жа прахадзіла, от і праспала.

— Дык куды ж ты ўночы хадзіла?

— А муж мой скарб жа знайшоў, і ўночы мы па грошы хадзілі.

У той жа дзень па ўсёй вёсцы толькі і гаворкі: «Таццяна з мужам скарб знайшлі, дзве кайстры грошай прынеслі».

Пад вечар дайшла чутка да пана. Загадаў пан мужыку прыйсці:

— Як ты пасмеў ад мяне ўтаіць, што скарб знайшоў?

— Знаць не знаю і ведаць не ведаю ні пра які скарб,— адказвае мужык.

— Не аднеквайся! — крычыць пан.— Мне ўсё вядома, бо твая ж баба і расказала пра скарб.

— Дык жа ў яе не ўсе дома! Яна такога нагаворыць, чаго і век не было.

— А вось пабачым!

I загадаў пан паклікаць Таццяну.

— Знайшоў твой муж скарб?

— Знайшоў, пане, знайшоў.

— Хадзілі з ім уночы па грошы?

— Хадзілі, хадзілі.

— Расказвай усё, як было.

— Спачатку ішлі ўсё лесам, а на суках навокал блінцы.

— Якія такія блінцы ў лесе?

— Ды з блінцовай жа хмары! Потым агледзелі заечую пастку, а там шчупак. Шчупака вынялі і далей пайшлі. Дайшлі да ракі, выцягнулі сетку, а ў сетцы — заяц. Ну, і зайца вынялі. Недалёка ад ракі муж скарб выкапаў. Нагрэблі грошай па кайстры і назад пайшлі. I якраз у той час паўз панскі двор праходзілі, як цябе, ягамосцю, чэрці душылі.

Тут пан не вытрымаў, нагамі затупаў:

— Вон адсюль, дурная баба!

— Ну вось,— мужык кажа,— бачыце, што маёй бабе верыць ні ў чым нельга.

— Веру, веру табе, ідзі дадому,— махнуў рукою пан. Пайшоў мужык дадому, пачаў жыць-пажываць і дагэтуль жыве ды з пана пасмейваецца.

КАША З СЯКЕРЫ

Ішоў салдат на пабыўку. Прытаміўся ў дарозе, есці хочацца. Дайшоў да вёскі, пастукаўся ў крайнюю хату.

— Пусціце адпачыць падарожнага чалавека.

Дзверы адчыніла старая бабка:

— Заходзь, служывы.

— А ці няма ў цябе, гаспадынька, перакусіць чаго?

У бабкі ўсяго ўдосталь, а салдата накарміць пашкадавала, скупая была, прыкінулася бедненькай.

— Ох, добры чалавек, і сама сёння яшчэ нічога не ела: няма чаго.

— Ну, няма дык няма,— кажа салдат.

Тут ён прыкмеціў пад лаўкай сякеру без тапарышча.

— Калі няма нічога іншага, можна і з сякеры кашу зварыць.

Гаспадыня ажно рукамі пляснула:

— Як гэта з сякеры кашу?

— А вось так. Давай сюды чыгун.

Прынесла старая чыгун. Салдат сякеру вымыў, апусціў у чыгун, наліў вады і паставіў на агонь.

Бабка на салдата глядзіць, вачэй не зводзіць.

Дастаў салдат лыжку, памешвае варыва. Паспытаў.

— Ну, як? — пытаецца бабка.

— Хутка будзе гатова,— адказвае салдат,— шкада, што вось солі няма.

— Соль якраз у мяне ёсць, пасалі.

Салдат пасаліў, зноў пакаштаваў:

— Каб сюды ды жменьку круп.

Бабка прынесла з каморы торбачку круп.

— На, усып колькі трэба.

Варыў-варыў салдат, памешваў, потым паспытаў. Глядзіць бабка, адарвацца не можа.

— Ox і каша, цуд, а не каша,— хваліць салдат,— каб сюды ды трошкі масла — проста аб'ядзенне было б!

Знайшлося ў бабкі і масла.

Падмаслілі кашу.

— Бяры лыжку, гаспадынька.

Узяліся кашу есці ды нахвальваць.

— Вось ужо ніколі не думала, што з сякеры гэтакую добрую кашу можна зварыць,— дзівіцца бабка.

А салдат есць ды пасмейваецца.

ЗАЯЦ

Бедны мужык ішоў па чыстым полі, убачыў пад кустом зайца, зарадаваўся і кажа: