Читать «Рускія народныя казкі» онлайн - страница 8

Леў Мікалаевіч Талстой

Воўк і мядзведзь з таго часу да хаткі і блізка не падыходзілі.

А бык, баран, гусак Ды певень і свіння жывуць там, пажываюць і гора не знаюць.

ЗАЯЦ-ХВАЛЬКО

Жыў-быў заяц у лесе. Улетку яму добра было, а зімою кепска — даводзілася да сялян на прыгумень бегаць авёс красці.

Прыбягае ён да аднаго селяніна на прыгумень, а тут ужо чарада зайцаў. От ён і пачаў ім хваліцца:

— У мяне не вусы, а вусішчы, не лапы, а лапішчы, не зубы, а зубішчы — я нікога не баюся.

Зайцы і расказалі цётцы вароне пра гэтага хвалько. Цётка варона пайшла хвалько шукаць і знайшла яго пад карчом. Заяц спужаўся:

— Цётка варона, я не буду больш хваліцца!

— А як ты выхваляўся?

— Што ў мяне не вусы, а вусішчы, не лапы, а лапішчы, не зубы, а зубішчы.

Вось яна яго трошкі і паўшчувала:

— Больш не выхваляйся!

Аднойчы сядзела варона на

плоце, сабакі яе схапілі і давай шкуматаць, а заяц гэта ўбачыў:

«Як бы гэта вароне памагчы?»

Выскачыў на пагорачак і сеў. Сабакі ўбачылі зайца, кінулі варону — ды за ім, а варона зноў на плот. А заяц ад сабак уцёк.

Праз нейкі час варона зноў сустрэла гэтага зайца і кажа яму:

— Вось ты малайчына, не выхваляка, а сапраўдны смяляка!

КАЗЁЛ І БАРАН

Жылі-былі на адным двары казёл і баран, жылі паміж сабою дружна: сена жмут і той папалам. А як вілы ў бок — дык аднаму кату Ваську! Ён такі зладзюга і разбойнік, увесь час на здабытках, і калі дзе што кепска ляжыць, дык у яго жывот баліць.

Вось ляжаць сабе казёл і баран ды гамоняць. Hi адсюль ні адтуль — кот-вуркот, шэры лоб, ідзе ды так жаласна плача.

Казёл і баран пытаюцца ў яго:

— Кот-каток, шэранькі лабок, чаго ты плачаш, чаму на трох нагах скачаш?

— Як мне не плакаць! Біла мяне гаспадыня, біла, вушы круціла. Ногі паламала, ды яшчэ і павесіць абяцала.

— А за якую віну табе такая пагібель?

— А за тое мне пагібель, што смятанку злізаў!

I зноў заплакаў кот-вуркот.

— Кот-каток, шэры лабок, чаго ж ты яшчэ плачаш?

— Як жа мне не плакаць! Баба мяне біла ды прымаўляла: «Да нас прыйдзе зяць, а дзе той смятаны ўзяць? Хочаш не хочаш, а давядзецца казла і барана рэзаць!»

Зараўлі казёл і баран:

— Ах ты, шэры кот, бесталковы лоб! За што ж ты нас загубіў?! Вось мы цябе забадаем!

Тут кот-вуркот павініўся, дараваць яму папрасіўся. Казёл і баран яму даравалі, і пачалі яны ўтрох думаць: як ім быць і што рабіць?

— Ану, сярэдні брат,— спытаў кот у барана,— ці моцны ў цябе лоб? Паспрабуй аб вароты.

Падняўся баран, з разгону стукнуўся аб вароты лбом — пахіснуліся вароты, але не адчыніліся.

— Ану, старэйшы брат,— спытаў кот у казла,— ці моцны ў цябе лоб? Паспрабуй аб вароты.