Читать «Рускія народныя казкі» онлайн - страница 76

Леў Мікалаевіч Талстой

— Чацвёртая загадка: што на свеце мілей за ўсё?

— Мілейшы за ўсё ўнучак Іванка!

— Ну, дзякуй табе, кума! Навучыла розуму, век цябе не забуду.

А бедны брат заліўся горкімі слязьмі і пайшоў дадому. Сустракае яго дачка сямігадовая:

— Чаго ты, бацюхна, уздыхаеш ды слёзы раняеш?

— Як жа мне не ўздыхаць, як слёз не раняць? Задаў мне цар чатыры загадкі, якіх мне ніколі не адгадаць.

— Скажы мне, якія загадкі.

— А вось якія, дачка: шго на свеце дужэй і хутчэй за ўсё, што тлусцей за ўсё, што мякчэй за ўсё і што мілей за ўсё?

— Ідзі, бацюхна, і скажы цару: дужэйшы і хутчэйшы за ўсё вецер, тлусцейшая за ўсё зямля: што ні расце, што ні жыве, зямля корміць! Мякчэйшая за ўсё рука: на што чалавек ні ляжа, а ўсё руку пад галаву кладзе; а мілейшага за сон няма нічога на свеце!

Прыйшлі да цара абодва брата — і багаты і бедны. Выслухаў іх цар і пытаецца ў беднага:

— Сам ты даўмеўся ці хто цябе навучыў?

Адказвае бедны:

— Ваша царская вялікасць! Ёсць у мяне дачка сямігадовая, яна мяне навучыла.

— Калі дачка твая такая мудрая, дык вось ёй нітачка шаўковая; няхай да раніцы вытча мне ручнік узорысты.

Мужык узяў шаўковую нітачку, прыходзіць дадому зажураны, засмучаны.

— Бяда наша! — кажа дачцэ.— Цар загадаў з гэтай нітачкі выткаць ручнік.

— Не журыся, бацюхна!—адказала дачка сямігадовая, адламала дубчык ад веніка, падае бацьку і наказвае: — Ідзі да цара, скажы, каб знайшоў такога майстра, які б зрабіў з гэтага дубчыка кроены: каб было на чым ручнік ткаць!

Мужык далажыў пра тое цару. Цар дае яму паўтары сотні яек.

— Аддай,— кажа,— сваёй дачцэ; няхай да заўтра выведзе мне паўтары сотні куранят.

Вярнуўся мужык дадому яшчэ больш зажураны, яшчэ больш засмучаны:

— Ах, дачка! З адной бяды выкруцішся — другая прычэпіцца!

— Не журыся, бацюхна! — адказвае дачка сямігадовая.

Папякла яйкі і прыхавала на абед ды на вячэру, а бацьку пасылае да цара:

— Скажы яму, што куранятам на корм трэба аднадзённае проса: каб за адзін дзень было поле ўзарана, проса пасеяна, зжата і абмалочана. Інакшага проса нашы кураняты і дзяўбці не будуць.

Цар выслухаў і кажа:

— Калі дачка твая такая мудрая, няхай заўтра ранічкай сама да мяне з'явіцца — ні пеша, ні на кані, ні голая, ні адзетая, ні з гасцінцам, ні без падаруначка.

«Ну,— думае мужык,— такой хітрай задачы і дачка не рашыць; давядзецца зусім прападаць!»

— Не журыся, бацюхна! — сказала яму дачка сямігадовая.— Схадзі ты да паляўнічых ды купі мне жывога зайца ды жывую перапёлку.

Бацька пайшоў і купіў ёй зайца і перапёлку.

Назаўтра раніцай скінула сямігадовая дачка ўсё адзенне, надзела на сябе сетку, у рукі ўзяла перапёлку, села вярхом на зайца і паехала ў палац.

Цар яе каля варотаў сустракае. Пакланілася яна цару.

— Вось табе, гасудар, падаруначак! —і падае яму перапёлку.

Цар працягнуў быў руку, перапёлка пырх — і паляцела ў поле!

— Добра,— кажа цар,— як загадаў, так і зроблена. Скажы мне цяпер: твой жа бацька бедны, чым вы корміцеся?

— Бацька мой на сухім беразе рыбу ловіць, нератоў у ваду не ставіць, а я ў прыполе рыбу нашу ды юшку вару.

— Што ты, дурная, калі гэта рыба на сухім беразе жыве? Рыба ў вадзе плавае.