Читать «Рускія народныя казкі» онлайн - страница 74

Леў Мікалаевіч Талстой

стаіць другі карабель. Сто разоў цяпнула — сто караблёў паплыло па сінім моры.

Андрэй дастаў дудку, задудзеў — з'явілася войска: і конніца і пяхота, з гарматамі, са сцягамі.

Начальнікі імчацца, загаду чакаюць. Андрэй загадаў пачынаць бой. Музыка зайграла, барабаны загрымелі, палкі рушылі. Пяхота крышыць царскіх салдат, конніца імчыцца, у палон забірае. А са ста караблёў гарматы так і б'юць па сталіцы.

Цар бачыць, войска яго ўцякае, кінуўся сам да войска— спыняць. Тут Андрэй дастаў дубінку:

— Ану, дубінка, палічы рэбры гэтаму цару!

Дубінка сама закруцілася, нібы кола, з аднаго канца на другі перакульваецца па чыстым полі; дагнала цара і стукнула яго ў лоб, забіла насмерць.

МУЖЫК І ЦАР

Жыў-быў цар. Больш за ўсё на свеце любіў той цар казкі слухаць.

I ўсё яму хацелася новых ды новых казак. Прыдворныя казачнікі ўсе казкі, якія ведалі, пераказалі, і ніхто больш цару дагадзіць не можа. Загадаў цар кінуць кліч:

— Ажаню са сваёю дачкою і паўцарства дам таму, хто раскажа казку, якой я яшчэ не чуў!

Ахвотнікаў знайшлося шмат: і князі, і баяры, і генералы, і купцы— ды ўсё без толку. Толькі хто распачне расказваць якую-небудзь казку, а цар ужо крычыць:

— Ведаю, ведаю, чуў гэтую казку!

На тым усё і скончыцца. Таго жаніха і прагоняць.

А ў тым царстве жыў, гараваў бедны мужык. Hi хаты, ні гаспадаркі ў яго не было. Жыў дзе давядзецца, піў, еў што знойдзецца, Іншы дзень галаднавата, іншы дзень і зусім не еўшы сядзеў. Неяк раз зайшоў той бядак у шынок пагрэцца, выпіць чарку вінца. Шынкар з яго пасміхаецца:

— Чаму не ідзеш цару казкі расказваць? Пэўна, царэўна ўсе вочы прагледзела: чакае цябе, жаніха, не дачакаецца.

Слухае бядняк кплівыя словы, а сам думае: «Давай пайду паспрабую шчасця. Царскім зяцем мне, вядома, не быць, а хоць дзень-другі на гатовых харчах пажыву».

Прыйшоў у палац. Цар пытаецца:

— Чаго, мужык, прыйшоў?

— Хачу табе, царская вялікасць, казку расказаць. Толькі загадай спачатку накарміць, напаіць мяне.

Цар паглядзеў на яго і ўсміхнуўся:

«Ну і жаніх! Кашуля — лата на лаце, лапці аборкай падвязаны».

Але нічога, згадзіўся слухаць.

Мужыка накармілі, напаілі. Цар сабраў блізкіх баяр ды дарадцаў і загадвае мужыку:

— Расказвай тваю казку!

— Мой нябожчык бацька,— кажа мужык,— быў самы багаты чалавек у нашым царстве. Пабудаваў ён высозныя харомы. Па даху тых харомаў галубы хадзілі ды з неба зоркі дзяўблі. От якія высокія былі тыя харомы. А двор у нас быў такі, што за ўвесь летні дзень голуб не мог пераляцець з канца ў канец.

Цар маўчыць, і баяры маўчаць, не перабіваюць, а мужык кажа:

— Далей расказваць буду заўтра, пасля абеду, пад'еўшы пірагоў ды мяккага хлеба.

I пайшоў на кухню вячэраць.

Назаўтра ўвечары пачаў ён сваю казку далей расказваць:

— I стаяў у нас на двары сямігадовы бык. На адным рагу сядзеў у таго быка пастух, а на другім—другі. Пастухі ў трубы трубілі, на ражках ігралі, песні спявалі,

а адзін аднаго ў вочы не бачылі і голасу не чулі. Во які ў нас быў бык вялізны!