Читать «Рускія народныя казкі» онлайн - страница 73

Леў Мікалаевіч Талстой

Аддалі купцы-карабельшчыкі Андрэю дубінку, сякеру і дудку і крычаць:

— Гэй, сват Навум, мы цябе бяром з сабою! Будзеш нам служыць верай-праўдай?

Адказвае ім нябачны голас:

— Чаму не паслужыць! Мне ўсё адно, у каго жыць.

Купцы-карабельшчыкі вярнуліся на свае караблі і давай баляваць-банкетаваць — п'юць, ядуць ды ўсё пакрыкваюць:

— Сват Навум, паварочвайся, давай тое, давай гэтае!

Перапіліся ўсе дап'яна, дзе сядзелі, там і спаць паваліліся.

А стралок сядзіць адзін у цераме, зажурыўся. «Эх,— думае,—дзе гэта цяпер мой верны слуга, сват Навум?»

— Я тут. Што трэба?

Андрэй зарадаваўся:

— Сват Навум, ці не пара нам на родную зямельку, да маладой жонкі? Занясі мяне дадому.

Зноў падхапіў Андрэя віхор і панёс у яго царства, на родную зямельку.

А купцы прачнуліся, і захацелася ім апахмяліцца:

— Гэй, сват Навум, ану збяры нам папіць-паесці, ды хутчэй паварочвайся!

Колькі ні звалі, ні крычалі, усё няма толку. Глядзяць, і вострава няма: на месцы яго шумяць адны сінія валі.

Пабедавалі купцы-карабельшчыкі: «Эх, абдурыў нас нядобры чалавек!» — ды нічога не зробіш, паднялі парусы і паплылі, куды ім трэба было.

А Андрэй-стралок прыляцеў на родную зямельку, апусціўся каля свайго доміка, глядзіць — замест доміка абгарэлы комін тырчыць.

Звесіў ён галаву ніжэй плеч і пайшоў з горада да сіняга мора, на голае месца. Сеў і сядзіць. Раптам, ні адсюль ні адтуль, прылятае шызая галубка, стукнулася аб зямлю і зрабілася яго маладой жонкай, Мар’яй-царэўнай.

Абняліся яны, павіталіся, пачалі адно аднаго распытваць, адно аднаму расказваць.

Мар’я-царэўна расказала:

— З таго часу як ты з дому пайшоў, я шызайгалубкай лятаю па лясах ды па гаях. Цар тры разы па мяне пасылаў, ды мяне не знайшлі і домік спалілі.

Андрэй кажа:

— Сват Навум, а ці нельга нам на голым месцы каля сіняга мора палац паставіць?

— Чаму нельга! Зараз будзе зроблена.

Не паспелі азірнуцца — і палац стаіць, ды такі прыгожы, лепшы за царскі; навокал зялёны сад, на дрэвах птушкі пяюць, па дарожках дзівосныя звяры бегаюць.

Увайшлі Андрэй-стралок з Мар'яй-царэўнай у палац, селі каля акенца і размаўляюць, адно на аднаго любуюцца.

Жывуць — гора не ведаюць, і дзень, і другі, і трэці.

А цар тым часам паехаў на паляванне да сіняга мора, аж бачыць — на тым месцы, дзе нічога не было, стаіць палац.

— Гэта які нахабнік без дазволу надумаўся на маёй зямлі будавацца?!

Пабеглі ганцы, усё разведалі і дакладваюць цару, што той Палац паставіў Андрэй-стралок і жыве ён у ім з маладою жонкаю, Мар'яй-царэўнай.

Яшчэ мацней загневаўся цар, пасылае даведацца, ці хадзіў Андрэй туды — не ведаю куды, ці прынёс тое — не ведаю, што такое.

Пабеглі ганцы, разведалі і дакладваюць:

— Андрэй-стралок хадзіў туды — не ведаю куды і раздабыў тое — не ведаю, што такое.

Тут цар і зусім раззлаваўся, загадаў сабраць войска, ісці на ўзмор'е, той палац разбурыць датла, а самога Андрэя-стралка і Мар'ю-царэўну пакараць лютай смерцю.

Убачыў Андрэй, што ідзе на яго вялікае войска, хутчэй схапіў сякеру, павярнуў яе абухом угору. Сякера цяп ды ляп — стаіць на моры карабель, зноў цяп ды ляп —