Читать «Рускія народныя казкі» онлайн - страница 64

Леў Мікалаевіч Талстой

Салдат Сямён Сонцу, Ветру ды Месяцу ўсё пра службу сваю расказаў, за помач падзякаваў і пабег шэрым зайцам. Потым зрабіўся шпарканогім аленем. Бяжыць, спяшаецца — дарога не блізкая.

Якая вялікая зямля наша — канца-краю ёй няма!

Бег-бег аленем, прытаміўся, зрабіўся ясным сокалам. Ляціць над лясамі дрымучымі, над палямі шырокімі, над быстрымі рэкамі, над гарамі высокімі. Пад ім сёлы, гарады раскінуліся, раскошна стаяць.

I вось паказалася сталіца.

Апусціўся ясны сокал паблізу заставы, перакуліўся цераз сябе — зрабіўся добрым малойцам.

А ў горадзе ўсе дамы ўпрыгожаны. З гармат страляюць, у званы звоняць, і народ апрануты па-святочнаму. Усе смяюцца, шумяць, «ура» крычаць.

Пытаецца салдат Сямён у гараджан:

— Што за свята ў вас у горадзе?

Дзівяцца прахожыя:

— Відаць, ты здалёку прыйшоў, калі нічога не ведает! Нядаўна вярнуліся з перамогаю нашы войскі. I вось увесь народ праслаўляе сваіх салдат ды ваяводаў, а больш за ўсіх славіць баярына, які за адны суткі меч-кладзянец з палаца на поле бою цару прынёс. Сёння

прызначана вяселле: жэніцца той баярын з Мар'яй-царэўнай, і клічуць увесь народ у палац на вясельны банкет.

Салдат Сямён папрасіўся ў адной бабулькі на пастой. Адпачнуў крыху, потым памыўся, прыбраўся, узяў гуселькі і пайшоў на вяселле.

На царскім двары сталы панастаўлены. Піцення-ядзення стаіць поўным-поўна. Тыя сталы для ўсіх гараджан.

А на самым высокім ганку за асобным сталом, на вачах ва ўсіх, цар з царыцаю, жаніх з нявестаю ды блізкія баяры сядзяць. Усе на банкеце п'юць, ядуць, весяляцца. Адна нявеста невясёлая.

Народ за крайнім сталом перагаворваецца:

— Не па сваёй волі Мар'я-царэўна за баярына ідзе. Кажуць, сілком аддаюць.

Прымасціўся салдат Сямён каля апошняга стала, выпіў чарку маладога віна і пачаў на гусельках іграць ды жаласна прымаўляць:

— Авохці мне ды перавохці мне! Забылася пра мяне краса дзяўчына-душа. А нядаўна ж яна, краса дзяўчына-душа, Словам ласкавым сустракала, Жаніхом сваім называла. Праз акенца мяне, яснага сокала, выпускала...

Мар'я-царэўна страпянулася, як пачула песню. Пачала па баках азірацца і ўбачыла салдата Сямёна.

З месца паднялася, адлучылася на хвілінку з-за стала, вярнулася і кажа:

— Цар-гасудар, не загадвай караць, дай мне слова сказаць!

Цар дазволіў:

— Гавары, мая любая дачушка.

Мар'я-царэўна пакланілася на ўсе чатыры бакі, а цару з царыцаю асобна:

— Ці ведаеш ты, цар-гасудар, што не той мой жаніх, што каля мяне сядзіць, а той мой жаніх, што за крайнім сталом на двары на гусельках іграе?

Тут цар з царыцаю, і жаніх, і баяры, і ўсе госці перапужаліся:

— Што такое? Што з нявестаю сталася?

А Мар'я-царэўна кажа:

— Пакажы, салдат Сямён, як ты мог хутка збегаць па царскі меч-кладзянец.

Выйшаў Сямён з-за стала, стукнуўся вобземлю — шэрым зайцам пабег. Зрабіў круг па двары і ўскочыў на высокі ганак.

Мар'я-царэўна вузлік развязала, дастала заечай поўсці жмуток: