Читать «Рускія народныя казкі» онлайн - страница 63

Леў Мікалаевіч Талстой

Салдат Сямён спадабаўся Мар'і-царэўне, і яна яму таксама спадабалася. Ды не было часу доўга гаманіць. Помніў Сямён пра справу, пачаў з царэўнай развітвацца. Яна яго за белыя рукі ўзяла, сваім жаніхом назвала.

Тут добры малойца стукнуўся аб падлогу, зрабіўся ясным сокалам, прыхапіў меч-кладзянец і вылецеў з царскіх пакояў. Мар’я-царэўна праз акно яму ўслед глядзела, пакуль бачыць магла ў небе сокала.

Доўга ці не доўга ляцеў сокалам — крылы стаміліся, шэрым зайцам паскакаў, потым аленем шпарканогім пабег і пад вечар трапіў да сваіх войскаў. Заставалася ўсяго з вярсту прайсці. Перакуліўся алень цераз галаву — зрабіўся добрым малойцам. I так ён стаміўся — кроку ступіць не можа. Сеў каля яра пад ракітавы куст і адразу задрамаў. Праз сон думае: «Давай пасплю гадзінку-другую, паспею яшчэ». Прываліўся і заснуў моцным сном.

Спіць салдат Сямён, ніякага гора-ліха не чуе над сабою.

На той час баярын, што абяцаўся за дзесяць дзён з’ездзіць па меч-кладзянец, міма праходзіў. Глядзіць ён — царскі ганец спіць і побач меч-кладзянец ляжыць. Спачатку баярын здзівіўся, а потым выхапіў шаблю, адсек салдату Сямёну галаву. Кінуў цела ў яр, забраў меч-кладзянец і панёс цару:

— Вось, цар-гасудар, абяцаўся я за дзесяць дзён справіцца, а здолеў за адзін дзень вярнуцца, не тое што салдацік-хвалько. Ён і дваццаці вёрст яшчэ не паспеў прайсці: як сюды ехаў— сустрэў яго. Праз паўгода ў сталіцу трапіць!

Цар здзівіўся, узяў меч у рукі:

— Той самы!

Баярына пахваліў і пытаецца:

— Што новага ў сталіцы? Ці ўсё добра? I як цябе Мар'я-царэўна сустрэла? Я ж пісьмо сваё з салдатам паслаў.

— У сталіцы ўсё спакойна. Чакаюць цябе, царская вялікасць, з перамогаю. А Мар'я-царэўна мне, твайму баярыну, і без пісьма паверыла — я ёй усё на словах расказаў — і падала меч-кладзянец ды кланяцца загадала,

Назаўтра раніцай павёў цар свае войскі на ворага і нашчэнт разбіў варожыя полчышчы ў тым баі. Палавіну чужаземных салдат пасеклі, астатніх у палон узялі. Толькі каралю з блізкімі генераламі ўдалося ўцячы.

Загадаў цар усім сваім войскам адпачываць. Выкацілі бочкі з віном, пачастункаў панаставілі і давай банкетаваць. Трубы трубяць, барабаны б'юць, музыка іграе, песні пяюць. А як адбанкетавалі, адсвяткавалі, рушыла войска дадому. Усюды іх па дарозе з радасцю сустракаюць, віншуюць-вітаюць...

Многа ці мала мінула часу — убачыў Месяц у яры забітага салдата Сямёна і кажа Ветру ды Сонцу:

— Служыў Сямён верай і праўдай, ды загінуў не ў баі, а ад нечай ліхой рукі. Трэба яго ажывіць, з бяды выбавіць.

Сонца пасылае:

— Ляці, Вецер, за трыдзевяць зямель, у трыдзесятае царства, дастань у царыцы-даўганоскі жывой і мёртвай вады.

Расстараўся Вецер жывой і мёртвай вады, вярнуўся.

Папырскалі цела Сямёна мёртваю вадою — загаіліся раны, прырасла галава, як была. Папырскалі жывою вадою— уздыхнуў салдат Сямён, расплюшчыў вочы, на ногі падняўся:

— Бацюхны, ці не праспаў я часам?

Сам навокал азіраецца, шукае меч-кладзянец.

— Век бы ты тут спаў, каб мы цябе не ажывілі,— Сонца, Вецер ды Месяц кажуць.— Позна цяпер. тут цара шукаць: вайна даўно скончылася і ўсё войска з перамогаю ў сталіцу вярнулася. Трэба і табе самому туды спяшацца.