Читать «Рускія народныя казкі» онлайн - страница 62

Леў Мікалаевіч Талстой

Вярнуўся Сямён дадому.

Сонца, Вецер ды Месяц зрабілі яго добрым малойцам: і пытаюцца:

— Пабачыў, як цяжка салдатам на вайне? Ці пойдзеш цяпер у салдаты?

А Сямёну яшчэ мацней захацелася:

— Хачу ў салдатах служыць, сваю зямлю ад ворага бараніць!

— Ну, хай будзе па-твойму,— Сонца, Вецер ды Месяц кажуць.— А калі спатрэбіцца як салдату ворага высачыць або куды-небудзь спяшацца давядзецца, успомні зайца ды стукніся вобземлю — і станеш зайцам, а потым перакуліся цераз сябе — зноў чалавекам зробішся. Успомніш аленя, стукніся вобземлю — станеш аленем, а сокала прыгадаеш ды вобземлю стукнется — сокалам паляціш.

I стаў Сямён салдатам.

Служыў ён год ці два, і тут здарылася вайна: чужаземны кароль з вялікім войскам напаў на царства. Усе салдаты ў паход сабраліся, і сам цар павёў палкі на вайну,

Ішлі насустрач ворагу тры месяцы і дайшлі да тых мясцін, дзе трэба бой пачынаць. Варожыя полчышчы зусім блізка.

На тым часе спахапіўся цар — няма яго мяча-кладзянца! Дома забыўся. А без таго цудоўнага мяча-кладзянца як цару ў бой ісці?

I клікнуў цар кліч па ўсіх палках:

— Хто хутчэй за ўсіх прынясе з палаца мой меч-кладзянец, таго за верную службу са сваёю дачкою Мар'яй-царэўнай ажаню і пры жыцці зяцю трэць царства адпішу, а пасля мае смерці і ўсё царства застанецца.

Ахвотнікаў знайшлося многа. Адны хваляцца:

— Мы за месяц звернемся, меч прынясём!

Другія бяруцца і праз два тыдні вярнуцца. А адзін баярын абяцаўся за дзесяць дзён па меч-кладзянец з’ездзіць.

Салдат Сямён кажа:

— Каб мяне паслалі, я за суткі справіўся б.

Дайшла тая чутка да цара. Цар зарадаваўся, паклікаў салдата Сямёна і падае пісьмо:

— Ідзі, перадай Мар’і-царэўне пісьмо, яна табе меч-кладзянец дасць. Калі прынясеш у пару, будзеш маім зяцем.

Рана-раненька выбраўся Сямён у дарогу-пуцявіну. Адышоўся з вярсту, схаваўся з вачэй і ўспомніў пра зайца. Стукнуўся вобземлю — і памчаўся шэрым зайцам. З горкі на горку скача, бяжыць на ўсю заечую моц. Потым зрабіўся аленем шпарканогім і яшчэ хутчэй пабег.

Бег, бег аленем, прытаміўся, зрабіўся ясным сокалам — і апоўдні трапіў у сталіцу. Зрабіў над горадам круг, спусціўся каля царскага палаца і заляцеў праз акно ў царскую святліцу да Мар’і-царэўны. Убачыла яна сокала, кінулася лавіць, а сокал перакуліўся цераз галаву і стаў перад Мар’яй-царэўнай прыгожым малойцам. Падаў ёй пісьмо:

— Цар-гасудар паслаў мяне па меч-кладзянец.

Мар'я-царэўна пісьмо прачытала і адразу ж прынесла меч-кладзянец. Салдата Сямёна напаіла, накарміла, пачала распытваць:

— Як табе ўдалося ясным сокалам зрабіцца? Пакажы мне.

Сямён стукнуўся аб падлогу і паляцеў па святліцы ясным сокалам. Зрабіў круг, апусціўся каля царэўны. Яна паспела вырваць адно сакалінае перца. Сокал перакуліўся цераз галаву і зрабіўся добрым малойцам. Другі раз стукнуўся аб падлогу — шэрым зайцам па святліцы пабег.

Яна выстрыгла жмуток заечай поўсці. Трэці раз стукнуўся Сямён аб падлогу і зрабіўся перад дзяўчынай шпарканогім аленем. Мар'я-царэўна пагладзіла аленя і выстрыгла жмуток аленевай поўсці. Перакуліўся алень цераз галаву— зрабіўся зноў добрым малойцам.