Читать «Рускія народныя казкі» онлайн - страница 61

Леў Мікалаевіч Талстой

— А сабе ты чаго просіш?

Адказвае старэйшы брат:

— От каб збажына добра радзіла: град яе не выбіваў, маразы не вымарожвалі—больш мне нічога не трэба.

— Усё будзе, як ты хочаш,— Сонца, Вецер ды Месяц кажуць.— Ідзі ары ды сей — заўсёды будзеш з хлебам.

Паклікалі сярэдняга брата, Сцяпана:

— Ты з бацькам ды з братамі дарогу цераз багны, балоты пракладваў ды мост масціў. Прасі якую хочаш узнагароду — усё збудзецца.

Падумаў Сцяпан, падумаў: «Грошай папрасіць — патраціш грошы і застанешся ні з чым. Лепш за ўсё рамяство якое-небудзь добра ведаць!» — і кажа:

— Больш за ўсё мне па душы цяслярскае рамяство. От каб навучыцца гэтаму майстэрству: будаваў бы людзям хаты, прыгожыя дамы ставіў і сам ніколі галодны не быў бы.

— Ідзі,— кажуць Сонца, Вецер ды Месяц,— будзеш ты самы найлепшы цесля, і ўсе цябе будуць шанаваць, паважаць.

Спыталіся ў меншага брата, Сямёна:

— А табе якую ўзнагароду даць за тое, што з бацькам ды з братамі балоты, багны асушаў, мост будаваў? Хведар захацеў аратым застацца, Сцяпан — цеслям стаць. А ты да чаго ахвочы?

Сямён адказвае:

— Больш за ўсё мне хочацца салдатам стаць.

— Ты яшчэ зусім малады,— Сонца, Вецер ды Месяц кажуць,— нідзе не бываў, нічога не бачыў. Цяжка табе будзе ў салдатах служыць. Каб пасля не каяўся!

I зрабілі Сямёна шэрым зайцам:

— Збегай паглядзі спачатку на салдацкае жыццё-быццё.

Пабег Сямён шэрым зайцам, паглядзеў на салдат. Вучаць іх строем хадзіць: «Раз, два! Раз, два!» Прымушаюць усіх адразу паварочвацца: «Налева!.. Направа!.. Кругом!..» Вучаць цераз ірвы, канавы пераскокваць. Вучаць быстрыя рэкі пераплываць, са стрэльбаў страляць і штыкам! калоць: «Раз, два! Раз, два!» Будзяць на досвітку і да змяркання абучаюць.

Вярнуўся Сямён дадому.

Сонца, Вецер ды Месяц зрабілі яго добрым малойцам і пытаюцца:

— Бачыў, як цяжка ў салдатах служыць?

— Бачыў,— адказвае Сямён. А сам на сваім стаіць: Хочацца мне салдатам стаць.

Зрабілі яго Сонца, Месяц ды Вецер шпарканогім аленем:

— Бяжы прама тры дні, нікуды не збочвай, наглядзі яшчэ раз на салдат.

Бег Сямён шпарканогім аленем прама тры дні — і ўбачыў вялікае войска ў паходзе. Кожны салдат цяжкую паклажу нясе. Іх і сонца пячэ, і смага даймае, дожджык мочыць і холад студзіць. Ідуць: то гразюка па калені, то пыл слупам стаіць. Ідуць палкі ад раніцы да вечара: «Раз, два! Раз, два!» Усе, як адзін чалавек, крочаць.

Вярнуўся Сямён дадому.

Сонца, Вецер ды Месяц зрабілі яго добрым малойцам і кажуць:

— Тыя палкі, што ты бачыў, ідуць на вайну. Бачыў, якія цяжкія салдацкія паходы? Можа, цяпер перадумаў і чаго-небудзь іншага папросіш?

А Сямён адно паўтарае:

— Хачу салдатам стаць!

Тады Сонца, Вецер ды Месяц зрабілі яго трэці раз— ясным сокалам:

— Злятай паглядзі, як б'юцца салдаты ў баі.

Паляцеў Сямён ясным сокалам. Тры дні ляцеў — і ўбачыў бітву, крывавы бой. Тыя салдаты, што ў паходзе былі, грудзьмі сышліся з ворагам. Са стрэльбаў страляюць, быццам гром грыміць, дым наўкола сцелецца. Колюць штыкамі, шаблямі сякуць. Адна нага прэч — на другой стаіць; адна рука прэч—другою страляе. I не ўстаялі варожыя полчышчы, пабеглі без аглядкі...