Читать «Рускія народныя казкі» онлайн - страница 60

Леў Мікалаевіч Талстой

Тут пан на калені ўпаў:

— Даруй, мужычок! Зарок даю: ніколі больш на чужое дабро квапіцца не буду!

— Ну не, пане, не з таго цеста ты злеплены, каб за чужым не гнацца. Ужо калі панадзіўся сабака жорны лізаць, дык век яму не адстаць. Вось калі напішаш нам, усім мужыкам тваім, вольную ды адмовішся ад маёнтка і з'едзеш зусім ад нас, так і быць — жывым пакіну. А не, дык табе адна адсюль дарога — на той свет.

А малойцы сваю работу робяць: б'юць, малоцяць.

Не вытрываў пан — закрычаў:

— Ох, я на ўсё згодны! Давай хутчэй сюды чарніла і паперы прынясі! Усё, як ты кажаш, напішу, толькі жывога пусці!

Прынёс дзед пяро, чарніла ды паперу і загадаў Двум з торбы пачакаць. Пан напісаў усім сваім мужыкам вольную і маёнтак адпісаў на мужыкоў.

Дзед паперу прачытаў: «Усё правільна!» — і крыкнуў:

— Двое ў торбу!

Схаваліся малойцы, а пан ледзь-ледзь выбраўся з хаты і кажа:

— Заўтра паеду адсюль назаўжды, а ты, мужычок, нікому не кажы, што мяне тут збілі.

На другі дзень пан паехаў.

Мужыкі зямлю ўзялі і пачалі жыць-пажываць ды дзеда хваліць. I дагэтуль жывуць-пажываюць, ніякага ліха не знаюць, і з кожным годам усё лепш ды багацей жывуць.

Тут і казцы канец, а хто слухаў, маладзец.

САЛДАТ СЯМЁН ХУТКІ ГАНЕЦ

Жыў-быў стары дзед, і было ў яго тры сыны. Старэйшага звалі Хведар, сярэдняга Сцяпан, а малодшага Сямён.

Каля самай вёскі праходзіла вялікая дарога. Была тая дарога кружная: вакол багнаў, балотаў ды чорных гразюкаў пятляла. Калі напрасткі ехаць — трэба тры дні, а балоты, багны ды чорныя гразюкі аб'язджаць— тры гады.

Надумаў дзед народу памагчы: пракласці дарогу напрамкі. Загадаў сынам з балотаў, з багнаў ваду спускаць, цераз чорныя гразюкі масты насцілаць кляновыя, каб ні пешы, ні конны ног не замачыў і замест трох гадоў за трое сутак па добрай дарозе ў горад трапляў.

Узяліся за работу: адзін сын каналы капае ды ваду спускае, другі — лес сячэ, а трэці — маеты мосціць, насціл сцеле; бацька памагае ўсім ды раіць, як лепш зрабіць. Працавалі доўга ці не — зрабілі мост на сто вёрст. Добра стала ўсім, хто ні едзе, хто ні ідзе: ідуць, едуць і ўсе вельмі рады.

— Дзякуй,— кажуць,— тым, хто гэты мост пабудаваў, вялікую народу палёгку зрабіў.

А дзед са сваімі сынамі зноў за сялянскую работу ўзяўся: лес высякае, пні, карані выкарчоўвае ды збажыну сее, як і раней.

На тым часе сышліся над мостам Сонца, Вецер ды Месяц, слухаюць, што людзі гавораць, ды кажуць:

— Увесь народ дзеда з сынамі за добрую справу хваліць, а жыве дзед, як і раней, кепска: сяк-так з хлеба на квас перабіваецца. Трэба нам памагчы яму з беднасці выбіцца.

Паклікалі дзеда і кажуць:

— За твае клопаты пра людзей мы цябе ўзнагародзім. Праг.і чаго хочаш.

Пакланіўся дзед Сонцу, Ветру ды Месяцу:

— Дзякуй. Мне, старому, нічога не трэба. Успомняць нас людзі— і добра. У сыноў пытайцеся — у іх усё жыццё наперадзе.

Паклікалі старэйшага брата, Хведара:

— Ты дарогу расчышчаў, мост будаваў. Прасі сабе якую хочаш узнагароду — усё збудзецца.

Падумаў Хведар і кажа:

— Я працаваў не адзін, а з бацькам ды з братамі і не ведаю, што ім трэба.