Читать «Рускія народныя казкі» онлайн - страница 57

Леў Мікалаевіч Талстой

— Двое з торбы!

У тую ж хвіліну выскачылі з торбы два малойцы з дубінкамі і давай дзеда біць-малаціць. I датуль білі-малацілі, пакуль ён не здагадаўся крыкнуць:

— Двое ў торбу!

Хлопцы-малойцы тут жа зніклі, нібы іх ніколі і не было.

Дзед бакі чухае, а сам думае: «Не так сабе Паўночнік мне гэтую торбу даў...— I тут здагадаўся:—Гэта ж калі з розумам, дык торба саслужыць добрую службу!»

Начапіў торбу і пайшоў далей.

Доўга ці не доўга ішоў і дабраўся да знаёмага заезнага двара:

«Вось дзе работа для мае торбы знойдзецца!»

А гаспадар убачыў дзеда праз акно і адразу ж выбег на ганак.

— Заходзь, заходзь, госць дарагі!

Прывёў у святліцу і нібы той уюн каля дзеда круціцца:

— Каптан от сюды павесім, а кіёк у гэты куточак паставім!—Падсунуў лаўку да печы:—Садзіся, грэйся, а я скажу, каб на стол падавалі. Сёння мая чарга цябе частаваць...— Мітусіцца, гукае: — Жонка, жонка, радасць вунь у нас якая! Хадзі сюды!

Прыбегла гаспадыня, ласкава, ветліва павіталася.

А шынкар шуміць, не сунімаецца:

— Хуценька на стол падавай! Ды самыя лепшыя стравы і віны!

Стол накрылі, усялякага ядзення-піцення панаставілі. Дзеда пасадзілі на покуць.

— Пі, еш, госць дарагі, ды расказвай, дзе пабыў, што пабачыў! Мы дамаседы — нідзе на бываем, нічога не знаем. Што на белым свеце робіцца?

Дзед частуецца ды гамоніць, а шынкар з торбы вачэй не зводзіць, падлівае госцю віна:

— Паспытай вось гэтага яшчэ, не пагрэбуй, бо пакрыўдзіш нас!.. Кланяйся, жонка, частуй госця дарагога!

Сцяміў дзед: «Не інакш як да торбы шынкар падбіраецца». Сам п'е-есць, пасміхаецца.

Пілі-елі, гаманілі, шынкар не вытрываў і пытаецца:

— Скажы, госцейка дарагі, што ў цябе ў гэтай торбе— мусіць, зноў нейкае дзіва?

Адказвае дзед:

— Гэта не торба, а дзіва з дзіваў. Варта толькі страсянуць яе ды сказаць: «Двое з торбы!» — як з'явяцца чарадзеі і ўсё, што пажадаеш, зробяць для цябе. Вось якое гэта дзіва!

Слухае шынкар дзеда, дагодліва на яго паглядвае, а сам думае:

«Ну, буду я не я, калі гэтая торба не будзе мая!»

Пабалязалі, павячэралі, павялі госця ў найдальшы пакой, улажылі на мяккую пярыну:

— Спі, адпачывай!

А шынкару не спіцца. Знайшоў ён якраз гэткую ж з выгляду торбу і, як заснулі ўсе ў доме, пракраўся ўпакой, дзе спаў госць, павесіў на цвік сваю торбу, а дзедаву занёс у сваю святліцу.

Пабудзіў жонку:

— Зірні, што я прынёс. Цяпер усе мае жаданні збудуцца. Перш-наперш няхай чарадзеі збудуюць палац прыгажэйшы за царскі ды маёнтак вялікі дадуць, і будзем мы як паны жыць-пажываць!

Страсянуў торбу і крыкнуў:

— Двое з торбы!

Выскачылі з торбы два малойцы з дубінкамі і давай шынкара з жонкай частаваць, адно толькі дубінкі пасвістваюць. Гаспадар з гаспадыняю крычаць баяцца, а малойцы з торбы б'юць-малоцяць.

Няма ўжо сілы трываць, пачаў шынкар прасіць-маліць:

— Злітуйцеся, добрыя малойцы, пашкадуйце нас! Прыгаршчы грошай насыплю!..

А Двое з торбы не глядзяць ні вока ні бока, малоцяць шынкара з жонкаю, нібы той гарох на таку.

Круціцца гаспадыня, плача. I шынкар закрычаў дзікім голасам: