Читать «Рускія народныя казкі» онлайн - страница 55

Леў Мікалаевіч Талстой

— Можа, вячэру падаць ды і чарку ад стомы вып'еш? Заказвай!

— Нічога мне пакупнога не трэба, усё ў мяне сваё ёсць.

Дастаў з-за пазухі абрус, разгарнуў і кажа:

— Папіць, паесці!

Бацюхны мае! Адкуль што ўзялося: панаставілася страў усялякіх, мяды духмяныя, віны салодкія, закускі, заедкі розныя — стол угінаецца! Пі, еш — душа мера!

Шынкар аслупянеў, глядзіць, вочы вылупіўшы, слова сказаць не можа. Гэтакага дзіва век не бачыў.

I дзед вельмі рады:

— Будзе цяпер у нас з бабаю што піць, есці! Будзе чым і добрых людзей пачаставаць!

I ад радасці кліча шынкара:

— Садзіся са мною вячэраць і сваіх усіх, хто ў цябе ёсць, заві — пачастунку на ўсіх хопіць!

Шынкар паклікаў жонку ды дзяцей — і падселі ўсе да дзеда за стол. Сядзяць частуюцца. Дзед выпіў салодкага віна ды моцнага мёду, і зашумела ў яго ў галаве; песню зацягнуў.

Тут шынкару і прыйшло ў галаву:

«От бы гэты абрус мне спатрэбіўся!»

Пасля вячэры дзед паваліўся на лаву і моцна заснуў. Шынкар падмяніў абрус-самабор кропля ў кроплю такім жа з выгляду звычайным абрусам.

Назаўтра дзед прачнуўся раным-раненька і дадому заспяшаўся.

Баба сустрэла яго лаянкай:

— Дзе цябе нячысцік носіць? Дома хлеба ні крошкі, ні палена дроў няма, а яму і гора мала!

— Маўчы, баба! Садзіся за стол, частуйся, чаго толькі твая душа пажадае, пі, еш уволю!

Пасадзіў бабу за стол, разгарнуў абрус:

— Папіць, паесці!

Што такое? Няма нічога...

Дзед яшчэ раз абрус страсянуў, разгарнуў, рукою прыстукнуў:

— Папіць, паесці!

Зноў нічога.

Тут баба ўсхапілася, узяла чапялу:

— Ах ты, пустамеля, яшчэ насміхацца надумаўся! — I раз, раз чапялою: — На вось, на табе, недарэка абрыдлы!

Дзед выскачыў з хаты—ды наўцекі.

Спыніўся за весніцамі.

«Тут штосьці не так. Відаць, Паўночнік ашукаў мяне. Ну, ды не на таго натрапіў! Цяпер мне дарога знаёмая», — падумаў дзед.

I пайшоў да маці чатырох вятроў.

Ішоў, ішоў і познім вечарам прыйшоў да высокай гары, да вялікай хаты з чатырма ганкамі. На той час браты-вятры з усіх чатырох бакоў дадому беглі. Падхапілі госця і занеслі ў хату.

Павітаўся дзед з маці чатырох вятроў ды з братамі і кажа ветру Паўночніку:

— Не па-брацку ты, брат названы, са мною абыходзішся. Твой абрус-самабор усяго адзін раз мяне напаіў, накарміў, ды на тым усё і скончылася. Хіба добра так з мяне насміхацца?

— Пачакай, пачакай,— кажа Паўночнік.— Заходзіў ты на заезны двор?

— Заходзіў.

— Ну вось сам сябе ва ўсім і вінаваць, калі мяне не паслухаўся.— Дастаў кашалёк з-за пазухі.— Вазьмі гэты кашалёк і ідзі. Ніколі ў цябе ні ў чым нястачы не будзе. Што спатрэбіцца, патрасі кашалёк — і колькі трэба грошай, столькі і натрасеш. Ды глядзі помні маё слова: нікуды па дарозе не заходзь.

Госця напаілі, накармілі, і падаўся ён дадому.

Казка хутка кажацца, а яшчэ хутчэй дзед дадому спяшаецца.

Ішоў, ішоў і дайшоў да таго заезнага двара, дзе раней спыняўся.

«Зусім я аслабеў, ды і ногі больш не гнуцца, усё роўна мне дадому сёння не дайсці. Зайду пераначую ў знаёмага шынкара».

Зайшоў, павітаўся. Гаспадар заезнага двара пазнаў дзеда, ласкава сустрэў:

— Садзіся адпачывай, добры чалавек! Калі не пагрэбуеш нашым пачастункам, заказвай папіць-паесці з дарогі.