Читать «Рускія народныя казкі» онлайн - страница 54

Леў Мікалаевіч Талстой

На той час забразгацелі вёдры: падышла да студні бабулька, старая-старая — ледзьве ногі перастаўляе. Зачарпнула вады.

Павітаўся дзед:

— Дзень добры, бабуся! Давай памагу табе ваду данесці.

— Здароў, добры чалавек! Дзякуй табе на ласкавым слове. Заходзь у хату, адпачні з дарогі, а з вёдрамі я і сама спраўлюся: я яшчэ дужая.

Падняліся на ганак, зайшлі ў хату. Бабуся стол накрыла, госця накарміла, напаіла і пачала дапытвацца:

— Куды, добры чалавек, ідзеш, куды цябе дарога вядзе? Па сваёй волі да нас трапіў ці па няволі? Ці, можа, якая бяда цябе прывяла?

— Ох, бабуся, не ведаеш ты маёй бяды! Вырасцілі мы з бабаю пшанічку, ды прыгнаў вецер хмару з градам, і выбіла ўсё падчыстую — зернетка не засталося. Няма чым жыць, хоць жабраваць ідзі! От і пайшоў я па белым свеце ўправы шукаць.

— Ну, калі так, дык гэта можна паправіць. Я ж маці ўсіх чатырох вятроў, і сыны з-пад маёй волі не выйшлі, слухаюцца. Па ўсім відаць, пакрыўдзіў цябе гарэза-свавольнік Паўночнік, мой меншы сын,— здатны ён на такія рэчы. Лезь на печ ды пачакай крыху. Вернуцца сыны дадому — прымушу вінаватага табе страту вярнуць.

Неўзабаве пачуўся шум з усходняга боку, расчыніліся дзверы ўсходняга ганка — прыляцеў Усходні вецер. Услед за тым дыхнула цяплом з паўднёвага боку — і заляцеў у хату з паўднёвага ганка ласкавы Паўднёвік-вецер. I ў тую ж хвіліну з тых дзвярэй, што на захад сонца выходзяць, з'явіўся Захад-вецер. А потым раптам загрымела, зашумела наўкол, хата ходырам захадзіла — з рогатам ды са свістам уварваўся ў хату Паўночнік-вецер:

— Ox i нагнаў я сёння страху на караблі ў моры! Пазабаўляўся, пацешыўся, есці хачу!

Бабулька тым часам на стол сабрала, накарміла, напаіла сыноў і кажа:

— Ну, хто з вас, сынкі, нядаўна бяды нарабіў?

Паклікала дзеда:

— Ідзі, гавары, не бойся нічога!

Дзед злез з печы і расказаў усё, як было. Прыціх Паўночнік, галаву апусціў.

— Відаць, ты, Паўночнік, вінаваты,— сказала маці,— ты і адказваць будзеш.

— Нічога, мама,— страсянуў галавою Паўночнік,— усё паправім!.. А ты, госць дарагі, смелы і ўпарты — гэтакіх я і люблю! Калі не пабаяўся на мяне ўправы шукаць ды ўсю праўду ў вочы сказаць, будзь мне брагам названым, а пра страту не журыся.

Дастаў з-за пазухі скрутак і падаў дзеду:

— На вось табе абрус-самабор — у любы час галодны не будзеш. Адно абрус разгарні ды скажы: «Папіць, паесці!» — і еш, пі, што душа пажадае. Толькі, цур, угавор: пойдзеш дадому — не заходзь на заезны двор.

Дзед падзякаваў названаму брату і маці чатырох вятроў за ласкавую сустрэчу, за пачастунак ды за падарунак, з усімі развітаўся і дадому падаўся.

Ішоў, ішоў, ішоў і вельмі стаміўся, зусім з сілы выбіўся; сам думае: «Давядзецца 1 гэтую ноч у дарозе начаваць, сёння дадому ўсё адно не паспець. Чаму гэта Паўночнік наказваў мне на заезны двор не заходзіць? Не ў пол! ж мне ноч начаваць! Хлеб свой — хоць у папа стой». I зайшоў на заезны двор. Сеў каля стала, адпачывае, а шынкар пытаецца: