Читать «Рускія народныя казкі» онлайн - страница 53

Леў Мікалаевіч Талстой

— Прадаць не прадам, а магу так аддаць, калі дазволіш з Фіністам — ясным сокалам хоць гадзінку пабыць.

— Добра,— кажа тая.

А сама думае: «Усё роўна не разбудзіш».

Надышла ноч. Заходзіць Мар'ечка ў спальню да Фініста — яснага сокала, а той спіць сном непрабудным.

— Фініст ты мой, ясны сокал, устань, прачніся!

Спіць Фініст, не прачынаецца.

Будзіла, будзіла—ніяк не можа дабудзіцца, а ўжо світаць хутка пачне.

Заплакала Мар'ечка:

— Любы ты мой Фініст — ясны сокал, устань, прачніся, на Мар'ечку сваю зірні, да сэрца свайго яе прытулі!

Упала сляза Мар'ечкі на голы плячук Фініста — яснага сокала і апякла. Прачнуўся Фініст — ясны сокал, агледзеўся па баках — аж бачыць: Мар'ечка! Абняў яе, пацалаваў:

— Няўжо гэта ты, Мар'ечка! Тры пары чаравікаў знасіла, тры кіі жалезныя паламала, тры каптуры жалезныя парвала і мяне знайшла? Паедзем жа цяпер на радзіму.

Пачалі яны дадому збірацца, а царыца ўбачыла і

загадала ў трубы трубіць, пра здраду сваиго мужа абвясціць.

Сабраліся князі ды купцы, пачалі раду радзіць, як Фініста — яснага сокала пакараць.

Тады Фініст — ясны сокал кажа:

— Каторая, па-вашаму, сапраўдная жонка: ці тая, што моцна кахае, ці тая, што прадае ды ашуквае?

Згадзіліся ўсе, што жонка Фініста — яснага сокала — Мар'ечка.

I пачалі яны жыць-пажываць ды дабра нажываць. Паехалі ў свой край, наладзілі баль, у трубы затрубілі, з гарматаў засмалілі. А пасля быў банкет, якога не ведаў свет; пра яго і дагэтуль помняць.

АБРУС-АМАБОР, КАШАЛЁК-САМАТРАС І ДВОЕ З ТОРБЫ

Жылі-былі дзед з бабаю. Жылі, гаравалі, з хлеба на квас перабіваліся. З восені да вясны сяк-так кідаліся, а з вясны да восені проста гора гаравалі: лебядой ды ягадамі жывіліся.

Вось неяк расстараўся дзед сявеньку пшаніцы і кажа:

— Усе людзі аруць ды сеюць, пасеем і мы — будзе ў нас увосень свой хлеб.

Пасеялі. Зарадзіла пшаніца на славу.

Дзед з бабаю не нацешацца, ходзяць кожны дзень, на пшаніцу любуюцца: пшаніца быццам сцяна стаіць, адзін колас за другі большы ды паўнейшы. Суседзі зайздросцяць:

— Гэтакага ўраджаю век не бачылі!

Прыйшоў час збажыну ўбіраць. Дзед сярпы навастрыў:

— Заўтра, баба, пойдзем пшаніцу жаць!

На той час узняўся моцны вецер, набегла чорная хмара, і выпаў

на дзедаву палоску вялікі град. I тым градам падчыстую выбіла ўсю пшаніцу, ніводнага каласка не засталося.

Зажурыўся дзед, галаву звесіў, а баба сварыцца, галосіць:

— Усё жыццё я з табою, няўдаліцам, гора гаравала! Hi ў чым табе ўдачы няма! За колькі гадоў разжыліся насеннем ды вырасцілі пшаніцу—і тут ліха напаткала, бяда здарылася, а ў нас і зернетка не засталося.

Суцяшае дзед:

— Не плач, баба, не бядуй! Слязьмі ды сваркаю страты не вернеш. Хмару вецер нагнаў — няхай вецер і разлічваецца.

Баба яшчэ горш злуецца, сварыцца:

— Зусім дзед здурнеў! Меле языком абы-што! Шукай цяпер ветру ў полі!

А дзед на сваім стаіць:

— Пайду з ветру спаганяць: вецер вінаваты — няхай вецер і адказвае.

Абуўся, апрануўся, узяў у рукі кіёк і падаўся ў дарогу.

Ішоў ён далёка ці блізка, доўга ці не — дабраўся да высокай гары. Каля гары стаіць вялікая хата. У хаты чатыры ганкі: адзін на ўсход сонца, другі — на поўдзень, трэці — на захад, а чацвёрты ганак — на поўнач.