Читать «Рускія народныя казкі» онлайн - страница 51

Леў Мікалаевіч Талстой

Убачыла баба-яга Мар'ечку, зашумела:

— Тфу, тфу, рускім духам пахне! Красуня дзяўчына, работы шукаеш ці ад работы ўцякаеш?

— Шукаю, бабуся, Фініста — яснага сокала.

— О красуня, доўга табе шукаць! Твой ясны сокал за трыдзевяць зямель, у трыдзевятым царстве. Апаіла яго зёлкамі царыца-чараўніца і ажанілася з ім. Але я табе памагу. Вось табе сярэбраны сподачак і залатое яечка. Як прыйдзеш у трыдзевятае царства, прасіся ў наймічкі да царыцы. Скончыш работу — бяры сподачак, кладзі залатое яечка, яно само будзе качацца. Захочуць купіць — не прадавай. Прасі, каб дазволілі Фініста — яснага сокала пабачыць.

Падзякавала Мар'ечка бабе-язе і пайшла. Пацямпеў лес, страшна зрабілася Мар'ечцы, баіцца і крок ступіць, ды тут насустрач кот. Скокнуў да Мар'ечкі і заваркагаў:

— Не бойся, Мар'ечка, ідзі наперад. Будзе яшчэ страшней, а ты ідзі і ідзі, не азірайся.

Пацёрся кот спінкай аб ногі ёй і знік, а Мар'ечка пайшла далей.

А лес зрабіўся яшчэ цямнейшы. Ішла, ішла Мар'ечка, чаравікі жалезныя знасіла, кій зламала, каптур парвала і прыйшла да хаткі на курыных лапках. Наўкол тын з частаколін, на частаколінах чарапы, і кожны чэрап агнём палае.

Кажа Мар'ечка:

— Хатка, хатка, стань да лесу задам, да мяне перадам! Мне ў цябе трэба залезці, хлеба паесці.

Павярнулася хатка да лесу задам, а да Мар'ечкі перадам. Зайшла Мар'ечка ў хатку, аж бачыць: сядзіць баба-яга— касцяная нага, ногі з кута ў кут, губы на вешале, а нос да столі прырос.

Убачыла баба-яга Мар'ечку, зашумела:

— Тфу, тфу, рускім духам пахне! Красуня дзяўчына. работы шукаеш ці ад работы ўцякаеш?

— Шукаю, бабуся, Фініста — яснага сокала.

— А ў мае сястры была?

— Была, бабуся.

— Добра, красуня, памагу табе. Бяры сярэбраныя пяльцы, залатую іголачку. Іголачка сама будзе вышываць серабром і золатам па малінавым аксаміце. Захочуць купіць — не прадавай. Прасі, каб дазволілі Фініста — яснага сокала пабачыць.

Падзякавала Мар'ечка бабе-язе і пайшла. А ў лесе стук, грук, свіст, чарапы лес асвятляюць. Страшна зрабілася Мар'ечцы. Зірк, сабака бяжыць:

— Гаў, гаў, Мар'ечка, не бойся, родная, ідзі. Будзе яшчэ страшней, не азірайся.

Сказаў і знік. Пайшла Мар'ечка, а лес зрабіўся яшчэ цямнейшы. За ногі чапляецца, за рукавы хапаецца... Ідзе Мар'ечка, ідзе і назад не азіраецца.

Доўга ці не доўга ішла — чаравікі жалезныя знасіла, кій жалезны зламала, каптур жалезны парвала. Выйшла на палянку, а на палянцы хатка на курыных лапках, наўкол тын з частаколін, а на частаколінах конскія Чарапы; кожны чэрап агнём палае.

Кажа Мар'ечка:

— Хатка, хатка, стань да лесу задам, а да мяне перадам!

Павярнулася хатка да лесу задам, а да Мар'ечкі перадам. Зайшла Мар'ечка ў хатку, аж бачыць: сядзіць там баба-яга — касцяная нага, ногі з кута ў кут, губы на вешале, а нос да столі прырос. Сама чорная, а ў роце адзін ікол тырчыць.

Убачыла баба-яга Мар'ечку, зашумела:

— Тфу, тфу, рускім духам пахне! Красуня дзяўчына, работы шукаеш ці ад работы ўцякаеш?

— Шукаю, бабуся, Фініста — яснага сокала.

— Цяжка, красуня, табе будзе яго знайсці, ды я памагу. Вось табе сярэбранае дзенца, залатое вераценца.